Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна
Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна нарадзілася 8 мая 1933 года ў Віцебску. Беларуская артыстка балета.
У 1952 годзе скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. У 1952–1973 гг. – салістка Вялікага тэатра оперы і балета БССР (зараз – Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). У 1973–1983 гг. – педагог-рэпетытар Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. У 1988–2000 гг. – мастацкі кіраўнік студыі класічнага танца «Арабеск» рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Адначасова выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі.
Майстэрства Н. С. Давыдзенкі вызначалі лёгкасць, тэхнічная дасканаласць танца, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь. Выконвала вядучыя партыі ў класічных і сучасных балетах, у тым ліку нацыянальных: Ларыса («Аповесць пра каханне» В. Залатарова), Насця, Анежка («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г. Вагнера), Наталька («Выбранніца» Я. Глебава), Эгіна («Спартак» А. Хачатурана), Адэта – Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага), Анель і Францыска («Блакітны Дунай» на музыку І. Штрауса) і інш. Шмат працавала з самадзейнымі калектывамі.
У 1964 годзе Ніна Сцяпанаўна Давыдзенка ўдастоена ганаровага звання «Народная артыстка БССР».
Жыве ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. Давыденко Нина Степановна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 296.
2. Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна // Літаратура і мастацтва. – 1964. – 5 чэрв. – С. 3.
3. Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1 : А–К. – С. 330–331.
4. Калядэнка, А. І. Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна / А. І. Калядэнка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 569.
5. Калядэнка, А. І. Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна / А. І. Калядэнка // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2012. – Т. 3 : Г–З. – С. 336.
6. Одиллия, которая любила Принца. Нине Давыденко – 80 / Д. Мартинович // Партер. – 2013. – № 6. – С. 36–39.
7. Чурко, Ю. М. Давыдзенка Ніна Сцяпанаўна / Ю. М. Чурко // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.] / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1971. – Т. IV : Графіка–Зуйка. – С. 111.
СПАСЫЛКІ
Забытые легенды. Нина Давыденко
Нина Давыденко: Достичь можно почти всего, если поставить цель