Дойлін Міхаіл Мікітавіч
Дойлін Міхаіл Мікітавіч нарадзіўся 15 мая 1916 года ў в. Свяча Бешанковіцкага раёна ў сялянскай сям’і. У 1935 г. працаваў шафёрам, потым служыў у Чырвонай Арміі. З 1940 г. на партыйнай рабоце: інструктар, загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Баляхоўскага райкама кампартыі Украіны. У гады Вялікай Айчыннай вайны начальнік штаба стралковага палка, быў цяжка паранены. З 1945 г. на партыйнай і гаспадарчай рабоце: сакратар Сенненскага, потым другі і першы сакратар Коханаўскага райкамаў КПБ. У 1956–1958 гг. першы сакратар Лёзненскага райкама партыі, узначальваў упраўленні Дзяржстраха па Віцебскай вобласці, з 1960 г. працаваў інжынерам у абласным аўтатранспартным упраўленні. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, членам Рэвізійнай камісіі КП Беларусі, членам абкама КПБ.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», медалямі.
Памёр М. М. Дойлін 18.06.1983 г.
ЛІТАРАТУРА
1. Міхаіл Мікітавіч Дойлін // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 411.