Друкер Соф’я Юр’еўна
Друкер Соф'я Юр'еўна нарадзілася 7 студзеня 1907 года ў г. п. Копысь Аршанскага раёна, беларуская спявачка (драматычнае сапрана). Народная артыстка БССР.
У 1933 годзе скончыла Беларускую студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А .Баначыча, у 1932–1936 гадах вучылася ў Беларускай кансерваторыі (клас П. Шханава). У 1933–1941 гадах і 1944–1977 гадах – салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (у Вялікую Айчынную вайну спявала на сцэне Саратаўскага тэатра оперы і балета, удзельнічала ў рабоце франтавых канцэртных брыгад, выступала перад партызанамі Віцебшчыны).
Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру. Раскрыццю музычна-драматычных здольнасцей артысткі садзейнічала работа над партыямі нацыянальнага рэпертуару, ад глыбока драматычнай (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А. Багатырова) да востракамедыйнай (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю. Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхалагічнымі адценнямі вобразаў найбольш выявілася ў буйных партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Наташа («Русалка» А. Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П. Чайкоўскага) і інш. Каларытна ўвасоблены ёю камедыйныя вобразы Часніковай («Страшны двор» С. Манюшкі), Адаркі («Запарожац за Дунаем» С. Гулак-Арцямоўскага), Дуэньі («Заручыны ў манастыры» С. Пракоф'ева), Фроські («Марозка» М. Красева), Мірабелы («Цыганскі барон» І. Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у тым ліку з творамі беларускіх кампазітараў.
Памерла Соф’я Юр’еўна 23 красавіка 1984 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Друкер Софія Юр’еўна // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 422.
2. Друкер Соф’я Юр’еўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 2 : Габой–Карніца. – С. 362.
3. Завадская, И. Ария Тоски / И. Завадская // Советская Белоруссия. – 2008. – 13 дек. – С. 10.
4. Сакалоўская, Н. Яна заўжды спявала радасна / Н. Сакалоўская // Лiтаратура i мастацтва. – 2007. – 19 студз. – С. 11.
5. Чароўны па тэмбру // Вёрсты пройдзенных дарог / І. А. Яршоў, В .М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 229–232.
6. Юркевіч, Г. А. З песняй па жыцці / Г. А. Юркевіч // Телеком-экспресс (Орша). – 2007. – 29 авг. – С. 6.