Дубашынскі Павел Піліпавіч
Дубашынскі Павел Піліпавіч нарадзіўся 14 сакавіка 1931 года ў в. Гарбуны Шаркаўшчынскага раёна, акцёр. Народны артыст Беларусі (1989). Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1955, педагог Л. Мазалеўская) працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, з 1967 года ў тэатры імя Я. Купалы.
Лепшыя ролі: Шпекін («Рэвізор» М. Гогаля), Прысыпкін («Клоп» У. Маякоўскага), Серада («Як гартавалася сталь» паводле М. Астроўскага), Караколь («Горад майстроў» Т. Габэ) і інш. Дакладнасць малюнка, выразная пластыка, выкарыстанне гратэску, эксцэнтрыкі ўласцівы камедыйным ролям, створаным артыстам у тэатры імя Я. Купалы. Значнага поспеху дасягнуў у нацыянальным рэпертуары: Пракоп («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Дабрыян («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Язэп Карыта («Ажаніцца – не журыцца» паводле Далецкіх і М. Чарота), Шаргаёў («Парог» А. Дударава) і інш.
З роляў класічнага рэпертуару: Князь К... («Дзядзечкаў сон» паводле Ф. Дастаеўскага), Земляніка («Рэвізор» Гогаля), дон Пабла дэ Альварус («Каменны гаспадар» Л. Украінкі) і іншыя.
Памёр 2 красавіка 2000 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Дубашинский Павел Филиппович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 454.
2. Дубашынскі Павел Піліпавіч // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. – 2001. – № 1. – С. 2–4.
3. Дубашынскі Павел Піліпавіч // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 436.
4. Сохар, Ю. «Душа імкнецца да бацькоўскага парога...» / Ю. Сохар // Полымя. – 2008. – № 6. – С. 173–177.
СПАСЫЛКІ