Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Дукельскі Уладзімір Аляксандравіч

Дата нараджэння
10.10.1903
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, в. Параф'янава
Дата смерці
16.01.1969
Род дзейнасці
кампазітар, піяніст, паэт і перакладчык

Дукельскі Уладзімір Аляксандравіч (Дзюк Вернон) нарадзіўся 10 кастрычніка 1903 года на чыгуначнай станцыі каля в. Параф'янава Докшыцкага раёна. Амерыканскі кампазітар, піяніст, паэт і перакладчык. У 1914–1919 гг. вучыўся ў Кіеўскай кансерваторыі па класах фартэпіяна, тэорыі музыкі і кампазіцыі. 3 1919 года з сям'ёй выехаў у Турцыю. 3 1921 года ў ЗША, дзе па прапанове Дж. Гершвіна ўзяў псеўданім Дзюк Вернон, якім спачатку падпісваў песні і джазавыя кампазіцыі, а з 1955 года – усе музычныя творы. Напісаў фартэпіянны канцэрт для А. Г. Рубінштэйна (1922), па запрашэнні якога з 1924 года працаваў у Парыжы, дзе стварыў музыку да балета «Зефір і Флора» для трупы С. П. Дзягілева (1925) і Першую сімфонію (1928). У 1925–1929 гг. пісаў музыку для тэатральных пастановак у Лондане, у т. л. да аперэты «Івона» (1926), музычнай камедыі «Жоўтая маска» (1928). У 1929 годзе вярнуўся ў ЗША, пісаў музыку да фільмаў. Самыя вядомыя яго кампазіцыі «Красавік у Парыжы» (1932) на вершы Э. Харбурга, якую выконвалі дзясяткі музыкантаў ад К. Бейсі да Л. Армстранга, і «Восень у Нью-Йорку» (1934), напісаная на ўласныя вершы для пастаноўкі на Брадвеі, мюзікл «Хіжына ў небе» (1940, харэаграфія Дж. Баланчына). Аўтар Другой (1930) і Трэцяй (1946) сімфоній, араторыі «Канец Санкт-Пецярбурга» (1938), оперы «Барышня-сялянка» (1958), балетаў. У апошнія гады жыцця ствараў музыку да кінафільмаў і тэатральных пастановак, песні, камерныя творы.

Апублікаваў звыш 100 артыкулаў аб музыцы і тэатры, аўтабіяграфію «Пашпарт у Парыж» (Бостан, 1955), зборнік эсэ аб музыцы «Слухай!» (Нью-Йорк, 1963), зборнікі вершаў на рускай мове «Пасланні», «Пакуты немаладога Вертэра» (абодва 1962), «Карцінная галерэя» (1965), «Паездка кудысьці» (1968). Перакладаў англійскіх і амерыканскіх паэтаў Э. Паўнда, Р. Фроста, К. Сандбурга, Д. Паркер і інш.

У 1942–1944 гг. у званні лейтэнанта служыў у войсках Берагавой аховы ЗША. Заснавальнік і прэзідэнт «Таварыства забытай музыкі» (1947). Яго імя занесена ў Залу гонару аўтараў песень Нацыянальнай акадэміі папулярнай музыкі ЗША (1970).

Памёр Уладзімір Аляксандравіч Дукельскі 16 студзеня 1969 года ў г. Санта-Моніка, штат Каліфорнія (ЗША).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Дукельскі Уладзімір Аляксандравіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 622–623.

2. Максимова, А. Владимир Дукельский и Вернон Дюк: два лика, одна судьба / А. Максимова // Музыка и время. – 2010. – № 2. – С. 23–27.