Духовіч Сяргей Рыгоравіч
Духовіч Сяргей Рыгоравіч нарадзіўся 11 верасня 1903 года ў Віцебску. Ваенны дзеяч.
Скончыў царкоўна-прыходскую школу і Віцебскую савецкую працоўную школу 2-й ступені. Службу ў праваахоўных органах пачаў у 1920 годзе – агент Віцебскага крымінальнага вышуку. З сакавіка 1937 года – член ВКП (б).
З чэрвеня 1938 года займаў пасаду намесніка начальніка Упраўлення НКУС Палескай вобласці. Пінскае Упраўленне Сяргей Рыгоравіч узначальваў з 2 лістапада 1939 па 13 мая 1940 гг., пасля чаго – намеснік наркама ўнутраных спраў БССР з прысваеннем звання «маёр дзяржбяспекі». За паспяховае выкананне пастаўленых задач у красавіку 1940 года С. Р. Духовіч атрымаў першую ўзнагароду – ордэн Чырвонага Сцяга.
Са жніўня па верасень1941 года Сяргей Духовіч узначальваў асобы аддзел НКУС 30-й арміі, з верасня 1941 па май 1943 гг. – асобы аддзел НКУС 54-й арміі. Да лютага 1946 года ў званні генерал-маёра берагавой службы працаваў намеснікам начальніка Упраўлення контрразведкі «Смерш» Ваенна-Марскога Флоту СССР. З 1947 па 1953 гг. займаў кіруючыя пасады ў Наркамаце ВМФ СССР.
Званне «генерал-лейтэнант» С. Р. Духовічу было прысвоена ў 1952 годзе. У лістападзе 1953 года звольнены ў запас.
Узнагароджаны таксама ордэнамі Чырвонага Сцяга (4), медалямі. «Заслужаны работнік НКУС».
Памёр Сяргей Рыгоравіч 27 ліпеня 1969 года. Пахаваны ў Маскве.
ЛІТАРАТУРА
1. Духович Сергей Григорьевич // Адмиралы земли белорусской / Б. Д. Долготович. – Минск : Технопринт, 2004. – С. 99–101.
2. Духович Сергей Григорьевич // Адмиралы земли белорусской : биографический справочник / Б. Д. Долготович ; под ред. А. А. Римашевского. – Минск : Беларусь, 2009. – С. 85–86.
3. Духович Сергей Григорьевич // Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БелЭн, 2005. – С. 103.
4. Иоффе, Э. Гроза шпионов – генерал Духович / Э. Иоффе // Рэспубліка. – 2005. – 10 снеж. – С. 15.