Душэўскі (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч
Душэўскі (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч нарадзіўся 27 сакавіка (паводле іншых звестак, 26 красавіка) 1891 года ў Глыбокім. Беларускі палітычны дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце (1912–1918), скончыў Літоўскі ўніверсітэт (1927 г., Каўнас).
Адзін з актывістаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1917 г. уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені – кастрычніку 1917 г. член яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік з'езда беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917, Мінск), Усерасійскай дэмакратычнай нарады (верасень 1917, Петраград) і інш. У 1918 г. загадчык бежанскага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. Пасля распаду БСГ (лета 1918) у Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. 3 1919 г. у Вільні. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, старшыня Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май – ліпень 1919). Узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламат, прадстаўнік БНР у краінах Прыбалтыкі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе Ластоўскага. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У 1921 г. эмігрыраваў у Каўнас. У 1920–1930-я гг. працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. Выдаваў і рэдагаваў часопіс «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923–1926), «Беларускі асяродак» (з 1933). Пасля далучэння Літвы да СССР (ліпень, 1940) зняволены савецкімі ўладамі ў турму, у жніўні 1943 г. арыштаваны нямецка-фашысцкімі ўладамі і адпраўлены ў канцлагер. У 1944–1946 гг. – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта. У 1952 г. савецкімі ўладамі асуджаны на 25 гадоў зняволення. Вызвалены ў 1955 г.
Памёр 25 лютага 1959 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Клаўдзій Дуж-Душэўскі // Глыбоччына: зямля любімая навечна, дзе Доўгае і Беразвечча... / аўт. тэксту У. І. Бацкалевіч ; фота К. Л. Дробава [ і інш.]. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 37.
2. Дранько-Майсюк, Л. В. У Вільні і больш нідзе: Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў Берліне. 1938 / Л. В. Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. – 2016. – № 3. – С. 155–168.
3. Душэўскі (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 269–270.
4. Кожан, К. Не разбіць, не спыніць, не стрымаць! / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 6 кастр. – С. 4.
5. Корбут, В. Клавдий-строитель / В. Корбут // Советская Белоруссия. – 2011. – 10 февр. – С. 9.
6. Лупач, З. 25 сакавіка – 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі / З. Лупач // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 27 сак. – С. 4.
7. Луцкевіч, Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. – 1991. – 3 мая. – С. 13.
8. Луцкевіч, Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. – 1991. – 2 мая. – С. 4–5.
9. Мірончык, У. Палітык. Асветнік. Дойлід / У. Мірончык // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 15 жн. – С. 2.
10. Рудовіч, С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 126–129.
11. Скрабатун, У. Кветкі – да помнікаў айцам Беларускай Народнай Рэспублікі / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 31 сак. – С. 4.