Дзямешка Уладзімір Барысавіч
Дзямешка Уладзімір Барысавіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў в. Траскуны Мёрскага раёна. Доктар тэхнічных навук, прафесар Вінніцкага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ганаровы старшыня Вінніцкага зямляцтва беларусаў.
З'яўляецца адным з заснавальнікаў грамадскага аб'яднання беларусаў у г. Вінніца (Украіна). Удзельнік партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў Дзісненскую сярэднюю школу, Львоўскі палітэхнічны інстытут, універсітэт народнай гаспадаркі (г. Растоў-на-Доне). Працаваў на ваенным заводзе (намеснік, потым начальнік цэха), у Падольскім саўнаргасе (намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення электратэхнічнай радыёпрамысловасці і машынабудавання). Потым доўгі час працаваў дырэктарам Падольскага завода сельскагаспадарчага машынабудавання.
Аўтар 126 навуковых прац у галіне станкабудавання.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі.
Жыў у г. Вінніца.
Памёр Уладзімір Барысавіч у 2008 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзямешка Уладзімір Барысавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 106–107.
2. Дзямешка Уладзімір Барысавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 64.