Фамін Яфім Майсеевіч
Фамін Яфім Майсеевіч нарадзіўся 15 студзеня 1909 года ў м. Калышкі Віцебскага ўезда (зараз в. Калышкі Лёзненскага раёна). Савецкі афіцэр, палкавы камісар, намеснік камандзіра 84-га стралковага палка 6-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай дывізіі. Адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці ў чэрвені 1941 года.
У 1929 годзе скончыў Пскоўскую акружную камуністычную савецка-партыйную школу. У 1930 годзе стаў членам ВКП(б). У 1932 годзе быў накіраваны на партыйна-палітычную працу ў рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. Сакратар камсамольскай арганізацыі зенітнага палка, палітрук роты, інструктар палітаддзела стралковай дывізіі, ваенны камісар стралковага палка.
У 1938 годзе скончыў курсы пры палітупраўленні Харкаўскай ваеннай акругі. За выдатную вучобу і актыўную грамадскую працу атрымаў падзяку ад камандавання, а ад палітуправы – імянныя гадзіннікі з надпісам «За асаблівыя поспехі ў авалоданні бальшавізмам».
У жніўні 1938 года – ваенны камісар 23-й Харкаўскай ордэна Леніна Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі. У верасні 1939 года Я. Фамін у складзе дывізіі ўдзельнічаў у Польскім паходзе. Улетку 1940 года ў складзе дывізіі ўступіў на тэрыторыю Латвіі, знаходзіўся ў Даўгаўпілсе.
У сакавіку 1941 года палкавы камісар Фамін прыбыў у 84-ы стралковы полк на пасаду намесніка камандзіра па палітычнай частцы 84-га стралковага палка 6-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі.
Палкавы камісар Фамін 22 чэрвеня 1941 года ўзначаліў абарону Брэсцкай крэпасці каля Холмскіх варот цытадэлі. З 24 чэрвеня Я. М. Фамін – кіраўнік і намеснік камандзіра зводнай баявой групы абаронцаў крэпасці.
6 чэрвеня 1941 года Фамін трапіў у палон і быў расстраляны фашыстамі, як мяркуецца, каля Холмскіх варот крэпасці.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 студзеня 1957 года Я. М. Фамін узнагароджаны ордэнам Леніна пасмяротна.
На месцы яго гібелі ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя прысвоена швейнай фабрыцы ў Брэсце, вуліцам у Мінску, Брэсце, Пскове, увекавечана ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».
ЛІТАРАТУРА
1. Глязер, М. Во главе обороны / М. Глязер // Советская Белоруссия. – 2004. – 22 июня. – С. 5.
2. Іванова, Г. Камісар з Калышак / Г. Іванова // Народнае слова. – 2007. – 8 мая. – С. 5.
3. Игнатенко, Т. «Душа обороны» Брестской крепости / Т. Игнатенко // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2015. – 30 чэрв. – С. 6.
4. Можем гордиться своим земляком // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2009. – 17 студз. – С. 2.
5. Фамін Яўхім Майсеевіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі = Военная энциклопедия Беларуси / склад.: В. Ц. Осіпаў [і інш.] ; рэдкал.: А. В. Праляскоўскі [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – С. 102.
6. Фомин, Ю. Е. Человек из легенды : биографический очерк / Ю. Е. Фомин. – Минск : БелЭн iмя П. Броўкi, 2009. – 144 с.
7. Фомин, Ю. Слово об отце / Ю. Фомин // Народнае слова. – 2011. – 9 чэрв. – С. 9.
8. Фондаренко, Н. Памяти комиссара / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2009. – 3 февр. – С. 3.
9. Шпаковская, Г. В Колышках помнят земляка / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2009. – 31 студз. – С. 1.