Фраленка Алена Уладзіміраўна
Фраленка Алена Уладзіміраўна нарадзілася 8 (21) мая 1915 года ў г. Дрыса (зараз г. Верхнядзвінск).
Доктар медыцынскіх навук (1970), прафесар (1973).
У 1937 годзе скончыла Мінскі медыцынскі інстытут. У 1937–1938 гг. – урач Полацкай гарадской паліклінікі. У 1938–1941 гг. загадвала Росіцкім урачэбным участкам Віцебскай вобласці. 1941 год – ардынатар кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута.
У час Вялікай Айчыннай вайны сувязная партызанскага атрада, начальнік медыка-санітарнай службы асаблівага партызанскага атрада (1941-1944); 1946–1950 – ардынатар, асістэнт кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута.
У 1956 годзе Алене Уладзіміраўне Фраленка прысуджана вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук, 1970 – прысуджана вучоная ступень доктара медыцынскіх навук.
Вывучала пытанні этыялогіі і патагенезу, дыягностыкі, прафілактыкі рэўматызму; рэўматычныя захворванні суставаў. Распрацавала класіфікацыю хранічных захворванняў лёгкіх; прапанавала комплексны метад лячэння нагнаіцельных працэсаў у лёгкіх. Працавала над пытаннямі дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі хранічных бранхітаў.
Аўтар больш за 120 навуковых прац.
ЛІТАРАТУРА
1. Фроленко Елена Владимировна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 562.
2. Фроленко Елена Владимировна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – 397.
3. Фраленка Алена Уладзіміраўна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск, 1974. – Т. 10 : Сошна–Фут. – С. 622.
4. Фраленка Алена Уладзіміраўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 16 : Трыпалі–Хвіліна. – С. 452.