Гальданскі Віталій Іосіфавіч
Гальданскі Віталій Іосіфавіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1923 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне хімічнай і ядзернай фізікі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Акадэмік Расійскай акадэміі навук, член Нью-Ёркскай акадэміі навук, Германскай акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» і акадэмій навук іншых краін.
У 1928 годзе сям'я пераехала ў Ленінград. Вучыўся ў школе № 2 Куйбышаўскага раёна (зараз – сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 207). У 1939 годзе Віталій Гальданскі паступіў на хімічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ён уступіў у студэнцкі будаўнічы батальён, атрымаў раненне, перажыў суровую блакадную зіму. Потым ён быў эвакуіраваны ў Казань, дзе працягваў вучобу да 1944 года. Пасля гэтага Гальданскі паступіў у аспірантуру Інстытута хімічнай фізікі, па завяршэнні якой ў 1947 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю.
У 1952–1961 гг. працаваў у Інстытуце хімічнай фізікі Расійскай АН (з 1971 года – загадчык аддзела, з 1988 – дырэктар). Адначасова ў 1951–1975 гг. і з 1981 г. – у Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытуце, у 1975–1981 гг. – загадчык кафедры Маскоўскага інстытута тонкай хімічнай тэхналогіі. З'яўляўся галоўным рэдактарам часопісаў «Хімія высокіх энергій» (1967–1987) і «Хімічная фізіка» (з 1987), членам рэдакцыйнай калегіі часопіса «Навука і жыццё», абіраўся народным дэпутатам СССР (1989–1991).
Навуковыя працы па фізіцы атамнага ядра і элементарных часціц, ядзернай хіміі, хіміі высокіх энергій і нізкіх тэмператур, квантавай хімічнай кінетыцы, біяхімічнай фізіцы. Адкрыў двухнуклонную радыеактыўнасць атамных ядзер (1960, эфект Гальданскага), уласцівасць электрамагнітнай палярызавальнасці адронаў (1957), утварэнне і распад звышцяжкага гелію-8 (1959), утварэнне палімераў ва ўдарнай хвалі (1964), існаванне квантавай нізкатэмпературнай мяжы скорасці хімічных рэакцый (1967).
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Леніна, медалямі. В. І. Гальданскі – лаўрэат Ленінскай прэміі (1980), Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі (2000), прэміі Нью-Ёркскай акадэміі навук (1991).
Памёр Віталій Іосіфавіч 14 студзеня 2001 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Болсун, А. Белорусские имена в науке / А. Болсун // Изобретатель. – 2015. – № 9. – С. 45–48.
2. Гальданскі Віталій Іосіфавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : [у 12 т.] / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1971. – Т. III : Веды–Графік. – С. 319.
3. Гальданскі Віталій Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 477.
4. Гальданскі Віталій Іосіфавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 524.
5. Лесков, С. Он не был кабинетным ученым / С. Лесков // Пусть память останется...: сборник некрологов о жителях и уроженцах Витебска / сост. А. М. Подлипский. – Витебск : Витебская областная типография, 2015. – С. 87–88.
СПАСЫЛКІ
Химический факультет МГУ – Академик Гольданский Виталий Иосифович