Галуза Іларыён Рыгоравіч
Галуза Іларыён Рыгоравіч нарадзіўся 7 красавіка 1899 года ў в. Даргейкі Сенненскага раёна ў сялянскай сям'і. Заолаг і паразітолаг.
У 1921–1925 гг. вучыўся ў Петраградскім ветэрынарным інстытуце. У 1925–1926 гг. працаваў у Ветэрынарна-бактэрыялагічным інстытуце. У 1926–1930 гг. – асістэнт, загадчык аддзела Ветэрынарна-бактэрыялагічнага інстытута ў г. Ташкенце.
У 1930–1933 гг. вучыўся ў аспірантуры Заалагічнага інстытута Акадэміі навук СССР. У 1933–1936 гг. – старэйшы спецыяліст-заолаг паразіталагічнага сектара Таджыкскай базы Акадэміі навук СССР у г. Сталінабадзе (г. Душанбэ). Доктар біялагічных навук (1936).
З 1937 года – загадчык лабараторыі паразіталогіі Казахскага філіяла Акадэміі навук СССР. У 1943 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. Прафесар (1943). У 1944–1945 гг. – намеснік старшыні Казахскага філіяла Акадэміі навук СССР.
У 1946–1947 гг. – загадчык кафедры заалогіі Казахстанскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1951–1967 гг. – дырэктар, у 1946–1951 гг. – акадэмік-сакратар аддзялення біялагічных навук Акадэміі навук Казахстана.
Пад кіраўніцтвам І. Галузы былі праведзены фундаментальныя даследаванні па прыроднай ачаговасці хвароб. У 1975 годзе ўдастоены Залатога медаля Акадэміі навук СССР імя акадэміка Я. Н. Паўлоўскага.
Навуковыя працы: «Ландшафтная эпидемиология (эпизоотология)» (1975), манаграфія ў 5 тамах «Кровососущие клещи Казахстана» (1946–1953).
Навуковыя працы па вывучэнні фаўны і экалогіі кляшчоў-пераносчыкаў узбуджальнікаў кровапаразітарных хвароб жывёл і чалавека, распрацоўцы біялагічнага метаду барацьбы з імі. Выявіў прыродныя асяродкі лентаспірозаў і бруцэлёзу, прыродную ачаговасць таксаплазмозу, даказаў магчымасць перадачы ўзбуджальніка бруцэлёзу праз іксодавых кляшчоў.
Заслужаны дзеяч навукі Казахскай ССР (1946). Член Акадэміі навук Казахстана (1946). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951).
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі.
Памёр 10 кастрычніка 1977 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Галуза Іларыён Рыгоравіч // Яны нарадзіліся на Сенненшчыне : біяграфічны даведнік / склад. А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя Машэрава, 2016. – С. 34–35.
2. Галуза Іларыён Рыгоравіч // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 539.
3. Галуза Іларыён Рыгоравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 473.
4. Галуза Іларыён Рыгоравіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 78–79.
5. Галуза Іларыён Рыгоравіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 47.