Гарбачоў Уладзімір Васільевіч
Гарбачоў Уладзімір Васільевіч – беларускі савецкі вучоны ў галіне кардыялогіі.
Нарадзіўся 10 студзеня 1926 года ў Талачыне. Потым пераехаў у Мінск, скончыў васьмігодку.
24 чэрвеня 1943 года ў час бамбёжкі пакінуў Мінск і накіраваўся на Лепельшчыну, у вёску Аношкі. Тут ён стаў партызанам чашніцкай брыгады «Дубава», а з ліпеня 1943 года – лепельскай брыгады імя I. В. Сталіна.
За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» II ступені.
У 1952 годзе скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут. У тым жа годзе стаў членам КПСС.
У 1952–1954 гг. працаваў у Полацку, з 1954 па 1958 гг. – у Талачыне (галоўны ўрач раённай санэпідэмстанцыі, загадчык раённага аддзела аховы здароўя, галоўны ўрач раённай бальніцы), з 1958 года – у Мінскім медыцынскім інстытуце.
Вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук прысвоена ў 1961 годзе.
У 1970 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, яму прысвоена званне прафесара (1972).
3 1970 года – загадчык кафедры тэрапіі ў Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў, адначасова (1973–1984) прарэктар па навуковай рабоце.
Асноўнае месца ў навуковай дзейнасці Гарбачова займаюць працы па даследаванні патагенезу, лячэнні каранарнага атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца.
У 1991 годзе прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларусі».
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку манаграфій: «Цяжкасці і памылкі дыягностыкі некаторых захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы» (1978), «Дыягностыка кардыялагічных захворванняў» (1990), «Даведнік лекара агульнай практыкі» ў 2-х тамах (1995), «Лячэнне ўнутраных хвароб» (1997), «Дысліпідэмія» (1996, сааўтар А. Г. Мрочак), «Практычная кардыялогія» ў 2-х тамах (1997); «Недастатковасць кровазвароту» (1999); «Прафілактыка заўчаснай і раптоўнай смерці» (2000, сааўтар А. Г. Мрочак); «Вітаміны, мікра- і макраэлементы» (2002, сааўтар В. Н. Гарбачова); «Атэрасклероз» (2005, сааўтар А. Г. Мрочак); «Клінічная кардыялогія» (2006).
Памёр 5 кастрычніка 2016 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамовіч, С. Яму адкрытыя ўсе нашы сардэчныя таямніцы / С. Абрамовіч // Наша Талачыншчына. – 2011. – 15 студз. – С. 5.
2. Бірукоў, В. Доктара Гарбачова памятаюць і ведаюць у нас / В. Бірукоў // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2001. – 10 студз. – С. 1.
3. В. В. Горбачёв // Моя Толочинщина: страницы истории / А. Шнейдер. – 2-е изд, с изм. – Минск : Бизнесофсет, 2006. – С. 126–127.
4. Гарбачоў Уладзімір Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 55.
5. Горбачёв Владимир Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 327.
6. Горбачёв Владимир Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 125.
7. Клятве Гиппократа верен // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 39–40.
8. Уладзімір Васілевіч Гарбачоў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 641–642.
9. Шнейдер, А. Верен клятве Гиппократа / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. – 2006. – 11 студз. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
ГУО «Белорусская медицинская академия последипломного образования» Владимир Васильевич Горбачев