Грунтоў Пётр Сцяпанавіч
Грунтоў Пётр Сцяпанавіч нарадзіўся 10 жніўня 1933 года ў в. Гарнова Сенненскага раёна. Беларускі вучоны ў галіне транспартных сістэм.
У 1953 годзе з адзнакай скончыў Аршанскі тэхнікум МШЗ, у 1958 годзе – эксплуатацыйны факультэт Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту. У 1958–1960 гг. працаваў на станцыі Сафонава Калінінскай чыгункі.
У 1960-я гг. вучыўся ў аспірантуры Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту і ўзначальваў навукова-даследчы сектар інстытута. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, яму было прысвоена вучонае званне – дацэнт. У 1973–1999 гг. – загадчык кафедры.
У 1978 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Тэарэтычныя асновы тэхналогіі і развіцця сарціровачных станцый як асноўных элементаў транспартных сістэм». У 1986–1996 гг. – рэктар Беларускага інстытута чыгуначнага транспарту (з 1993 года – БелДУТ).
Доктар тэхнічных навук (1978), прафесар (1977). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1978). Лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР (1989), акадэмік, член Акадэміі транспарту Расійскай Федэрацыі, транспарту Украіны. Член Нью-Йоркскай Акадэміі навук (1966).
У 1986–2000 гг. – старшыня праўлення Гомельскай абласной арганізацыі «Веды». Абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога і Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў.
Аўтар 200 навуковых прац па аўтаматызаваных сістэмах кіравання чыгуначнага транспарту, стварэнні методык разліку надзейнасці і бяспечнасці пропуску транспартных патокаў; 11 манаграфій і некалькіх навучальных дапаможнікаў.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», знакам «Ганароваму чыгуначніку», значком «За выдатныя поспехі ў працы» ў галіне вышэйшай адукацыі СССР, медалямі Камітэта свету і таварыства «Веды» СССР, Міністэрства вышэйшай і прафесійнай адукацыі СССР.
Памёр 19 снежня 2012 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Грунтоў Пётр Сцяпанавіч // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 539.
2. Грунтов Пётр Степанович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 345.
3. Грунтов Пётр Степанович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 269.
4. Грунтоў Пётр Сцяпанавіч // Яны нарадзіліся на Сенненшчыне : біяграфічны даведнік / склад. А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя Машэрава, 2016. – С. 44–45.
5. Желтобрюхова, Б. Жизнь пройти – не поле перейти / Б. Желтобрюхова // Голас Сенненшчыны. – 2023. – 8 жн. – С. 5.
6. Сасноўскі, Л. А. Грунтоў Пётр Сцяпанавіч / Л. А. Сасноўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 465.
7. Яго стыхія – чыгунка / падрыхт. В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 26 верас. – С. 5.