Ізобаў Мікалай Аляксеевіч
Ізобаў Мікалай Аляксеевіч нарадзіўся 23 студзеня 1940 года ў в. Красыні Лёзненскага раёна, савецкі матэматык. Доктар фізіка-матэматычных навук (1979). Член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (1980). Прафесар (1990).
Пасля заканчэння Янавіцкай сярэдняй школы, з 1958 года вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Віцебскага педінстытута, у 1962 годзе быў пераведзены на матэматычны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Скончыўшы яго, у 1966–1967 гг. вучыўся ў аспірантуры. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі (1967) працаваў спачатку асістэнтам, потым малодшым навуковым супрацоўнікам у БДУ.
З 1969 года працуе ў Акадэміі навук БССР: у 1969–1980 гг. – намеснік галоўнага рэдактара ўсесаюзнага часопіса «Дыферэнцыяльныя ўраўненні», у 1980–1986 гг. – старшы навуковы супрацоўнік, у 1986–1993 гг. – загадчык лабараторыі, з 1993 года – загадчык аддзела Інстытута матэматыкі НАН Беларусі. Адначасова ў 1995–1999 гг. – загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
М. А. Ізобаў – вядомы спецыяліст у тэорыі характарыстычных паказчыкаў Ляпунова і тэорыі ўстойлівасці па лінейным прыбліжэнні. Ім апублікавана больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфіі.
М. А. Ізобаў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2000).
ЛІТАРАТУРА
1. Державцева, Е. Оставили след в истории района. Изобов Николай Алексеевич / Е. Державцева // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2007. – 19 мая. – С. 2.
2. Ізобаў Мікалай Аляксеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 7 : Застаўка–Кантата. – С. 181.
3. Ізобаў Мікалай Аляксеевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – С. 577.
4. Изобов Николай Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 462–463.