Кайгародаў Дзмітрый Нічыпаравіч
Кайгародаў Дзмітрый Нічыпаравіч нарадзіўся 31 (12) жніўня (верасня) 1846 года ў Полацку, расійскі прыродазнаўца, фенолаг, арнітолаг, папулярызатар прыродазнаўства, педагог, адзін з заснавальнікаў Рускага таварыства аматараў светазнаўства.
Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Канстанцінаўскае ваеннае (1863) і Міхайлаўскае артылерыйскае (1866) вучылішчы, Пецярбургскі земляробчы інстытут (1871, з 1881 года – Лясны інстытут). Потым вучыўся ў Тарандскай лясной акадэміі, Цюрыхскім палітэхнікуме на лясным факультэце. З 1875 года – загадчык кафедрай лясной тэхналогіі і ляснога інжынернага мастацтва Ляснога інстытута ў Пецярбургу, прафесар, намеснік дырэктара інстытута (1887–1891).
Кайгародаў Д. Н. стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раяніравання Еўрапейскай часткі Расіі (1885), склаў феналагічныя карты веснавога прылёту птушак. Сваёй дзейнасцю заклаў асновы феналагічных назіранняў Расіі, за што яго заслужана называюць «бацькам рускай феналогіі». З'яўляецца аўтарам «Рускага тлумачальнага лесатаварнага слоўніка» (1883), кніг «Чырваналессе», «Дзённік Пецярбургскай вясновай і асенняй прыроды», «З царства птушак», «Гутаркі пра рускі лес» (1880), «З зялёнага царства» (1888), «Дрэва і яго жыццё» (1897) і інш.
Выкладаў прыродазнаўчыя навукі членам імператарскай сям'і. З 1877 года рэгулярна чытаў навукова-папулярныя лекцыі па прыродазнаўстве для рабочых і служачых Пецярбурга, да апошніх дзён не пакідаў навуковай дзейнасці.
Памёр Дзмітрый Нічыпаравіч 11 лютага 1924 года ў Ленінградзе, пахаваны ў садзе Ляснога інстытута (зараз Лесатэхнічная акадэмія). Імя Кайгародава Д. Н. носіць феналагічная камісія Рускага геаграфічнага таварыства. У 1947 годзе ў Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі была арганізавана Дзяржаўная феналагічная станцыя імя Д. Н. Кайгародава. На доме ў Лясным, дзе з 1905 года жыў Дзмітрый Нічыпаравіч (Інстытуцкі праспект, 21), размешчана мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Бобров, Р. Отец русской фенологии / Р. Бобров // Охота и охотничье хозяйство. – 2000. – № 9. – С. 8–9.
2. Глазырин, Е. В. Выпускники Полоцкого кадетского корпуса (военной гимназии) – выдающиеся ученые / Е. В. Глазырин, Т. Н. Глазырина // Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў : зборнік навуковых артыкулаў ІІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі (Полацк, 14–15 красавіка 2016г.) : у 2 ч. / пад агул. рэд.: Д. У. Дука, У. А. Лобача, А. І. Корсак. – Наваполацк, 2016. – Частка 2. – С. 65–85.
3. Кайгародаў Дзмітрый Нічыпаравіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 138.
4. Кайгародаў Дзмітрый Нічыпаравіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 83.
5. Конюшко, В. С. Дмитрий Ничипорович Кайгородов (1846, Полоцк – 1924), фенолог, писатель, педагог (который работал в России) / В. С. Конюшко, С. В. Чубаро // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 1999. – № 2. – С. 23–26.
6. Косцін, Б. Са сцен кадэцкага / Б. Косцін // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1988. – № 3. – С. 26–28.
7. Кузнецов, М. Судьбы полоцких кадетов / М. Кузнецов // Информ Плюс (Полоцк). – 2005. – 14 апр. – С. 5.
8. Малашеня, Л. Любил природу вдохновенно / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2016. – 19 янв. – С. 5.
9. Морозов, Ю. Занимательная фенология / Ю. Морозов // Наука и жизнь. – 2004. – № 4. – С. 3–5.
10. Паслядоўнік Брэма // Элегіі забытых дорог : гістарычныя нарысы, эсэ / А. Л. Марціновіч. – Мінск : Полымя, 2001. – С. 414–427.