Касач Аляксандр Канстанцінавіч
Касач Аляксандр Канстанцінавіч нарадзіўся 24 красавіка 1918 года ў в. Грамошча Полацкага раёна, беларускі вучоны ў галіне гісторыі медыцыны, арганізацыі аховы здароўя. Кандыдат медыцынскіх навук (1968). Заслужаны ўрач Беларусі (1964).
У 1937 годзе скончыў Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. З трэцяга курса быў прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, служыў на тэрыторыі Заходняй Украіны. Вялікую Айчынную вайну сустрэў на Заходнім фронце, абараняў Кіеў. Выйшаўшы з акружэння, у 1942 годзе становіцца начальнікам санітарнай службы партызанскай брыгады ў Дрысенскім раёне, адначасова ўзначальваў дыверсійную групу. У 1943 годзе быў прызначаны начальнікам штаба атрада, затым штаба 2-й Дрысенскай партызанскай брыгады. За ўдзел у баявых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» I і II ступеняў.
У 1948 годзе скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1954 года – загадчык Полацкага абласнога аддзела аховы здароўя, з 1957 года – загадчык 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Спрыяў пашырэнню базы лячэбна-прафілактычных устаноў, увядзенню новых форм і метадаў арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, развіваў санаторна-курортную справу. Арганізаваў будаўніцтва ў Беларусі і курортных зонах СССР многіх санаторыяў (Аксакаўшчына, Нясвіж, Друскінінкай, Кіславодск, Місхор, Юрмала, Сочы) з прыцягненнем сродкаў іншых ведамстваў.
У 1959 годзе ўзначаліў створаны ў Беларускім дзяржаўнім інстытуце ўдасканалення ўрачоў (БДІУУ) курс паслядыпломнай падрыхтоўкі арганізатараў аховы здароўя, ператвораны ў самастойную кафедру сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя, якой кіраваў з 1967 па 1983 гг. Актыўна вялася навуковая праца, базавыя лячэбна-прафілактычныя ўстановы ўкаранялі ў практыку прагрэсіўныя формы і метады дзейнасці. Вялікае навукова-практычнае значэнне мелі працы, прысвечаныя пытанням арганізацыі дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы – вядучага звяна ў сістэме сельскай аховы здароўя.
А. К. Касач – адзін з актыўных сяброў Беларускага рэспубліканскага таварыства гісторыкаў медыцыны з моманту заснавання (1958), з 1973 па 1989 гг. кіраваў ім. З 1985 года загадваў музейнай групай у Мінскім медыцынскім інстытуце, вырашыў шэраг праблем навуковай і экспазіцыйнай дзейнасці.
У мірны час узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».
Памёр Аляксандр Канстанцінавіч 1 лістапада 1989 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Касач Аляксандр Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 404.
2. Касач Аляксандр Канстанцінавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 641–642.