Касовіч Каятан Андрэевіч
Касовіч Каятан Андрэевіч нарадзіўся 2 (14) мая 1814 года ў Полацку, першы расійскі санскрытолаг, філолаг, перакладчык, педагог.
Вучыўся ў Віцебскай гімназіі, потым на філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам грэчаскай мовы ў Цвярской і 2-й Маскоўскай гімназіях. Яшчэ калі быў выкладчыкам, пачаў вывучаць і даследаваць яўрэйскую і арабскую мовы, потым санскрыт. Апошняй мовай ён валодаў так добра, што свабодна чытаў санскрыцкія помнікі «Махабхарата» і «Рамаяна», рабіў пераклады. Пераклаў «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена, старажытнаіндыйская драма» (1849) і інш.
Дзейнасць Касовіча не атрымала падтрымкі ў Маскве, толькі некаторыя славянафілы (А. С. Хамякоў і інш.) паставіліся да яе прыхільна. З 1850 года жыў у Пецярбургу. Быў рэдактарам навуковых прац пры публічнай бібліятэцы, а ў 1857 годзе стаў чытаць на грамадскіх пачатках лекцыі на санскрыцкай мове і літаратуры ва ўніверсітэце. У 1854 годзе распачаў выданне «санскрыцка-рускага слоўніка» (застаўся незакончаным). Сваю прафесарскую дзейнасць пачаў у 1859 годзе ўступнай лекцыяй «Аб характарыстыцы старажытнаіндыйскай цывілізацыі і развіцці санскрыцкай літаратуры». Але на той час у Расіі не было элементарных дапаможнікаў для вывучэння мовы санскрыту. Таму ён выдаў некалькі эпізодаў «Махабхараты», забяспечыўшы іх рускай транскрыпцыяй і лацінскім перакладам, чытаў публічныя лекцыі пра санскрыцкі эпас. Адначасова выкладаў ва ўніверсітэце зенд (мову аднаго з іранскіх плямён), для гэтага зрабіў і выдаў неабходныя пераклады з дапаможнікамі. У Харкаўскім універсітэце атрымаў званне ганаровага доктара параўнальнага мастацтвазнаўства, пасля чаго заняў пасаду штатнага прафесара ў Пецярбургскім універсітэце (1865). Апошняй значнай працай Касовіча было выданне збору персідскіх клінападобных надпісаў (1872). У 1874–1875 гг. выйшаў яго пераклад «Яўрэйскай граматыкі» Гезеніуса і «Яўрэйскай хрэстаматыі», якія былі прыняты для настаўлення ў духоўных семінарыях. Разам з братам І. А. Касовічам выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (Т. 1–2, 1874).
Памёр Катаян Андрэевіч 26 (7) студзеня (лютага) 1883 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Даўгяла , Г. І. К. А. Касовіч: вядомы і незнаёмы / Г. І. Даўгяла. – Мінск : Агенства «Геронт–А», 1994. – 20 с.
2. Карнялюк, К. Родам з Полацка / К. Карнялюк // Полацкі веснiк. – 2001. – 23 студз. – С. 3.
3. Касовіч Катаян Андрэевіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 152–153.
4. Касовіч Катаян Андрэевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 91.
5. Палымяная душа... санскрыту // Элегіі забытых дорог : гістарычныя нарысы, эсэ / А. Л. Марціновіч. – Мінск : Полымя, 2001. – С. 201–219.
6. Прыгодзіч, М. Пад псеўданімам «БЬлорусъ К. К.» / М. Прыгодзіч // Роднае слова. – 2008. – № 8. – С. 41–43.