Ключынскі Вінцэнт Адольфавіч
Ключынскі Вінцэнт Адольфавіч нарадзіўся 30 верасня 1847 года ў м. Шаркаўшчына ў сям'і валаснога пісара. Царкоўны дзеяч. Архібіскуп, доктар тэалогіі, прафесар (1905).
У 1865 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, быў накіраваны для далейшага навучання ў Духоўную акадэмію ў Пецярбург. У 1871 годзе быў прызначаны прафесарам Віленскай духоўнай семінарыі. На працягу 28 гадоў працаваў тут выкладчыкам дагматыкі, тэалогіі і маралі. Займаўся актыўнай грамадскай дзейнасцю. У 1889 годзе ў Вільні заснаваў таварыства дабрачынных асоб, якое пазней ператварылася ў аб'яднанне манахаў, дзе выхоўваліся дзеці, пакінутыя бацькамі, і падкідышы. 3 1898 года – прадстаўнік Віленскай дыяцэзіі ў Духоўным калегіуме ў Пецярбургу, у 1910 годзе быў прызначаны Рымскім Папам Піем X архібіскупам магілёўскім. Шмат увагі ўдзяляў адукацыі будучых святароў, узяўшы пад сваю непасрэдную апеку духоўныя семінарыю і акадэмію ў Пецярбургу. Змучаны працай і цяжкасцямі жыцця, архібіскуп Ключынскі падаў просьбу аб вызваленні яго ад сваіх абавязкаў. У 1914 годзе ён выехаў на лячэнне на Каўказ, а пазней у Крым.
Памёр 11 лютага 1917 года. Пасля пахавальнага набажэнства ў Ялце яго цела было перавезена ў Пецярбург. Пахаваны святар на Выбаргскіх могілках.
ЛІТАРАТУРА
1. Жыццёвы шлях архібіскупа В. Ключынскага / пер. з пол. мовы І. Бунто // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 88–89.
2. Ключынскі Вінцэнт Адольфавічь // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Витебская областная типография, 2007. – С. 96.