Красавіцкі Пётр Мацвеевіч
Красавіцкі Пётр Мацвеевіч нарадзіўся 24 (6) лістапада (снежня) 1873 года ў Віцебску. Урач, краязнаўца, педагог, садавод-аматар.
Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, медыцынскі факультэт Тартускага (Юр'еўскага) ўніверсітэта (1902). 3 1903 года служыў у арміі, удзельнік руска-японскай вайны 1904–1905 гг. У 1906–1914 гг. займаўся прыватнай медыцынскай практыкай у Віцебску, адначасова выкладаў у настаўніцкім інстытуце (1911–1912). Член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909–1918).
У гады Першай сусветнай вайны працаваў у санітарным упраўленні арміі, жыў у Петраградзе, Гельсінгфорсе. У 1920–1924 гг. працаваў у Віцебскім губернскім статыстычным бюро, інстытуце народнай асветы. У 1919–1924 гг. – член камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва, ініцыятар адбудовы Віцебскай Ільінскай царквы.
У 1906 годзе П. Красавіцкі набыў хутар Саломінка каля г. п. Бешанковічы, заклаў парк (ссылка на парк «Саломінка» ў в. Дабрыгоры – выставлено в Бешенковичском р-не), сад і жыў там да 1931 года. Потым жыў у Маскве.
Аўтар даследаванняў пра культавыя помнікі Віцебшчыны. Аўтар артыкула «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх ахова», апублікаванага ў 1-й кнізе «Полацка-Віцебскай даўніны» (1911) Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Біёграф героя вайны 1812 года Я. П. Кульнева.
Памёр Пётр Мацвеевіч 6 верасня 1950 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Красавіцкі Пётр Мацвеевіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 165–166.
2. Красавіцкі Пётр Мацвеевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 99.
3. Падліпскі, А. Красавіцкі Пётр Мацвеевіч / А. Падліпскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 249.
4. Подлипский, А. Врач, знаток старины, садовод / А. Подлипский // Зара (Бешанковічы). – 2009. – 11 снеж. – С. 5–6.
5. Подлипский, А. И назвали сад «Соломинкой» / А. Подлипский // Народнае слова. – 2000. – 20 мая. – С. 5.
6. Подлипский, А. Первая экскурсия в Бешенковичах / А. Подлипский // Зара (Бешанковiчы). – 2008. – 11 сак. – С. 3–4.