Крыўко Мікалай Нілавіч
Крыўко Мікалай Нілавіч нарадзіўся 16 ліпеня 1949 года ў в. Манякова Мёрскага раёна. Беларускі вучоны ў галіне мовазнаўства. Кандыдат філалагічных навук.
Пасля заканчэння Дзісненскай сярэдняй школы ў 1968 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута і праз чатыры гады стаў навуковым супрацоўнікам аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні двухтомнага акадэмічнага выдання «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы. Гэты слоўнік выйшаў у 1982 годзе, Мікалай Нілавіч падрыхтаваў артыкулы на літары А, В, Д, К, С–Я, напісаў прадмову і дапрацаваў матэрыялы на літары Б, Г, З–І, Л–Р, зрабіў праўкі ўсяго выдання пасля навуковага рэдактара. Трэцяе двухтомнае выданне гэтага слоўніка (1991) і 4–7 выданні (1994–2000) падрыхтаваны толькі М. Н. Крыўко. Мікалай Нілавіч прымаў удзел у падрыхтоўцы фундаментальных калектыўных прац: двухтомны «Беларуска-рускі слоўнік», пяцітомны ў шасці кнігах «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», пяцітомны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак». Ён з'яўляецца суаўтарам і адным з навуковых рэдактараў «Русско-белорусского словаря для военных», «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы». За вялікі ўклад, унесены ў стварэнне гэтага выдання, Мікалай Нілавіч Крыўко стаў лаўрэатам прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён падрыхтаваў другое выданне слоўніка, якое пабачыла свет у 1999 годзе, а трэцяе – у 2002 годзе. У 1999 годзе вялікім тыражом выйшаў «Руска-беларускі слоўнік агульнаўжываемай лексікі», рэдактарам-складальнікам якога з'яўляўся М. Н. Крыўко.
Каля 250 навуковых, навукова-папулярных і энцыклапедычных публікацый па пытаннях лексікалогіі, лексікаграфіі, культуры мовы, анамастыкі, дыялекталогіі, гісторыі мовазнаўства і іншых выйшла з-пад яго пяра.
У 1997 годзе Мікалаю Нілавічу было прысвоена акадэмічнае вучонае званне «вядучы навуковы супрацоўнік». Беларускага вучонага і яго навуковыя працы ведаюць не толькі ў роднай Беларусі, але і сярод навуковай грамадскасці Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых краін.
Памёр Мікалай Крыўко ў 2016 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Басікірская, А. З нашых гаворак сабраў слоўнік / А. Басікірская // Міёрскія навіны. – 2019. – 4 чэрв. – С. 5.
2. Кенька, М. Вучоны-мовазнавец / М. Кенька // Міёрскія навіны. – 2004. – 10 жн. – С. 3.
3. Крыўко Мікалай Нілавіч // Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары «Слова о плъку Игоревъ» / М. Г. Булахаў. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – С. 88.
СПАСЫЛКІ