Ладысеў Уладзімір Фёдаравіч
Ладысеў Уладзімір Фёдаравіч нарадзіўся 3 сакавіка 1940 года ў вёсцы Дзяцель Дубровенскага раёна, беларускі гісторык.
У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. З 1979 года працуе ў Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, Беларускім тэхналагічным інстытуце. З 1985 года – загадчык кафедры гуманітарных навук Акадэміі фізічнага выхавання і спорту, з 1996 года – прафесар кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Званне доктара гістарычных навук прысвоена ў 1989 годзе, прафесара – у 1990 годзе.
Даследуе гісторыю міжваеннай Польшчы, нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, дзейнасць палітычных партый і арганізацый. Аўтар прац «КПЗБ – арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды» (1934–1938), «Насуперак волі народа» (1976), «Шлях да свабоды: з гісторыі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1919–1939 гадах» (1978), «У барацьбе за дэмакратычныя правы і свабоды» (1988), адзін з сааўтараў кнігі «Палітычныя партыі Беларусі» (1994).
ЛІТАРАТУРА
1. Дудараў, Л. Прафесар гiсторыi з вёскi Дзяцель / Л. Дудараў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2000. – 15 лiп. – С. 3.
2. Ладысев Владимир Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 392.
3. Ладысеў Уладзімір Фёдаравіч //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 329.