Лапатка Міхаіл Аляксеевіч
Лапатка Міхаіл Аляксеевіч нарадзіўся 30 кастрычніка 1897 года ў в. Забор'е Расонскага раёна ў сялянскай сям'і.
У 1911 годзе скончыў Заборскае двухкласнае народнае вучылішча.
У 1916 годзе скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Лапатка М. А. атрымаў кваліфікацыю «настаўнік пачатковай школы».
У маі 1916 года быў прызваны ў царскую армію ў 213-ы пяхотны запасны полк у г. Ліўны, дзе атрымаў званне яфрэйтара.
У снежні 1916 года быў накіраваны ў ваеннае вучылішча, пасля заканчэння якога атрымаў афіцэрскі чын прапаршчыка.
Малады афіцэр удзельнічаў у баях супраць кайзераўскай Германіі.
У студзені 1918 года быў дэмабілізаваны.
З лютага 1918 года – настаўнік Дубкоўскай школы Расонскага раёна.
У красавіку 1918 года валасным сходам быў выбраны дэлегатам на I Полацкі павятовы з'езд Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.
Да кастрычніка 1918 года – у складзе выканаўчага камітэта Полацкага павятовага Савета.
3 кастрычніка 1918 года быў прызваны ў Чырвоную Армію і прызначаны на пасаду начальніка палкавой школы ў г. Асташкаў.
Міхаіл Лапатка змагаўся на Заходнім фронце супраць белапалякаў, латышскай белай арміі, арміі Булак-Балаховіча і Юдзеніча.
Камандзір батальёна 22-га стралковага корпуса прымаў удзел ва ўзяцці Чырвонай Арміяй гарадоў Покава, Нарвы, Ямбурга. Быў двойчы паранены.
У 1921–1922 гг. прайшоў курс па падрыхтоўцы камандзіраў падраздзяленняў інжынерных войск інжынернага аддзялення Вышэйшай аб'яднанай ваеннай школы.
У 1923–1924 гг. прайшоў курс па падрыхтоўцы начальнікаў хімічнай службы частак Чырвонай Арміі пры Вышэйшай ваеннай хімічнай школе. Служыў у Віцебску, Кунцава, Могінску.
У 1938 годзе скончыў інжынерны факультэт Акадэміі хімічнай аховы Чырвонай Арміі імя Варашылава ў Маскве. Яму было прысвоена званне «ваенінжынер III рангу».
Вялікую Айчынную вайну М. А. Лапатка сустрэў на пасадзе старшага інжынера Наркамата боепрыпасаў Саюза СССР у Маскве.
У 1941 годзе – начальнік хімічнага палка ў складзе 3-й Маскоўскай дывізіі Народнага апалчэння. Удзельнічаў у баявых дзеяннях у складзе 118-га Умацаванага раёна на пасадзе начальніка хімічнай службы на Паўднёва-Заходнім, Паўднёва-Усходнім, Калінінскім, 2-м Прыбалтыйскім, Данскім франтах. Змагаўся пад Масквой і Сталінградам.
У 1942 годзе падчас Сталінградскай бітвы было прысвоена ваеннае званне «ваенінжынер II рангу», летам 1943 года – афіцэрскае званне «інжынер-маёр».
У кастрычніку 1943 года начальнік хімслужбы корпуса маёр М. А. Лапатка быў цяжка паранены пад Невелем.
13 снежня 1945 года атрымаў афіцэрскае званне «інжынер-падпалкоўнік», 27 чэрвеня 1950 года – званне «інжынер-падпалкоўнік».
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга (двойчы), медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За перамогу над Германіяй». Адзначаны падзякамі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі СССР за ўдзел у разгроме Сталінградскай групоўкі праціўніка, за абарону гарадоў Невель, Дзвінск, Ражыца.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Аляксеевіч служыў у гарадах Кунцава і Кіеве, у Забайкальскай і Заходне-Сібірскай ваенных акругах. З 1953 года – у адстаўцы.
У 1962 годзе інжынер-палкоўнік М. А. Лапатка памёр у Маскве.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожар, Н. Для защиты Отечества сделал всё, что мог / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2003. – 21 лют. – С. 2.