Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч

Дата нараджэння
08.11.1883
Месца нараджэння
Віленская губерня, Дзісенскі павет, з. Калеснікаў (цяпер Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён)
Дата смерці
23.01.1938
Род дзейнасці
грамадска-палітычны дзеяч, гісторык,
філолаг, этнограф,
публіцыст, пісьменнік, літаратуразнавец
Спецыялізацыя
палітыка, гісторыя, філалогія, этнаграфія, публіцыстыка, літаратура

Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў засценку Калеснікі Дзісенскага павета (зараз Глыбоцкі раён) Віленскай губерні. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, этнограф, публіцыст, пісьменнік, літаратуразнаўца. Член-карэспандэнт Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе (1926), акадэмік АН Беларусі (1928).

У 1902 г. уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904–1905 гг. у Пецярбургу, слухаў лекцыі ва ўніверсітэце. 3 1906 г. у Рызе, дзе займаўся самаадукацыяй, далучыўся да мясцовага беларускага нацыянальна-культурнага руху. У 1906–1908 гг. член Беларускай сацыялістычнай грамады. 3 сакавіка 1909 г. у Вільні. У 1909–1914 гг. рэдакцыйны сакратар «Нашай Нівы». Рэдагаваў часопіс «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916–1917).

Выступіў ініцыятарам шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль беларускай літаратуры, у якой прынялі ўдзел Я. Купала, М. Гарэцкі, Л. Гмырак. У час 1-й сусветнай вайны застаўся ў Вільні. У студзені 1915 г. разам з В. Святаполк-Мірскім і А. Луцкевічамі падпісаў зварот да нямецкіх акупацыйных улад аб выданні беларускіх газет. Быў фактычным уладальнікам віленскай «Беларускай кнігарні» і Беларускага выдавецкага таварыства Ластоўскага, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні. Уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» (1915). Адзін з аўтараў «Мемарандума прадстаўнікоў Беларусі», у якім адстойваў права беларускага народа на нацыянальна-дзяржаўнае развіццё і які быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ў Лазане (Швейцарыя, 1916).

У 1918–1919 гг. член Віленскай беларускай рады, з сакавіка 1918 г. член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Удзельнічаў у абвяшчэнні 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці БНР. У лістападзе 1918 г. увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У канцы 1918 г. узначаліў Беларускае прадстаўніцтва пры Літоўскай Тарыбе, потым быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. 3 1919 г. член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Яе прыхільнікі ў снежні 1919 г. стварылі родную Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у якой Ластоўскі ўзначаліў Кабінет Міністраў.

17 снежня 1919 года арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі. Вызвалены ў лютым 1920 г., пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Разам з Т. Грыбам, К. Дуж-Душэўскім, А. Цвікевічам і інш. увайшоў у Камітэт загранічных груп Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у арганізацыі партызанскага руху супраць польскіх акупантаў. Пасля падпісання папярэдніх умоў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік, 1920) у афіцыйным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР.

20 кастрычніка 1920 года на беларускай канферэнцыі ў Рызе пад кіраўніцтвам Ластоўскага створаны блок беларускіх партый для барацьбы супраць Савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і непадзельную Беларусь. У сувязі з разыходжаннямі па пытаннях тактыкі Камітэта замежных груп і ЦК БПС-Р (П. Бадунова, Я. Мамонька) на з'ездзе БПС-Р у Мінску ў снежні 1920 г. выключаны з партыі беларускіх эсэраў, якія на савецкай тэрыторыі ў гэты час падтрымлівалі савецкую ўладу. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень, 1921), якая прызнала ўрад Ластоўскага адзіным законным беларускім урадам.

У 1920–1923 гг. з дыпламатычнымі місіямі наведаў Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю інш., выступаў за правы беларускага народа, асабліва ў Заходняй Беларусі. 20 красавіка 1923 года падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра.

Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве, выдаваў часопіс «Крывіч» (1923–1927), надрукаваў некалькі падручнікаў. Узначальваў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку: 1525–1925» (разам з Дуж-Душэўскім, А. Ружанцовым). Быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі, ад імя якой выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў богаслужэннях. Запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад, 1926), на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі і выступіў прыхільнікам кірылічнага шрыфту. Пад націскам неспрыяльных абставін (літоўскі ўрад адмовіўся фінансаваць выданне «Крывіча» і Бел. Цэнтр у Коўне, палітычны пераварот 17 снежня 1926 года у Літве) у красавіку 1927 года пераехаў у БССР.

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. 3 1927 г. правадзейны член Інбелкульта, акадэмік (1928) і неадменны сакратар Беларускай АН (1928–1929). Рэдагаваў «Працы кафедры этнаграфіі», працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы», уваходзіў у «Камісію па ахове помнікаў старасветчыны ў БССР». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай. Пастановамі СНК БССР 20 лістапада 1929 года вызвалены з пасады неадменнага сакратара Беларускай АН, 6 снежня 1930 года пазбаўлены звання акадэміка. Фармальнай прычынай стала публікацыя артыкула Я. Станкевіча «Дыспалаталізацыя ў беларускай мове» (1928) у «Запісках аддзела гуманітарных навук», выдадзеных Інбелкультам.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны Томскім ДПУ па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска. Пастановай Калегіі АДПУ СССР 10 красавіка1931 года высланы на 5 гадоў у Саратаў. Працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 года. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. 23 студзеня 1938 года «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па 2-м – у 1958 г.

Друкаваўся з 1909 г. (псеўд Власт, Юры Верашчака, Арцем Музыка, Сваяк, Пагашчанін, Ю. Сулімскі інш.). У навуковай працы «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910, перавыданне 1992) канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905 г.). У «Нашай Ніве» ў рубрыцы «3 нашай мінуўшчыны» і ў газеце «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918). У пач. 1920-х гг. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія па сутнасці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы).

Даследаваў старажытнабеларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь. Аўтар гістарычнай аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Апрацоўваў гістарычныя легенды. Выдаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924), які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных – «Іменьнік расьцін»; слоўнік беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда». У 1925 г. апублікаваў «Летапісца Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (1926), якая ўяўляе сабой агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX ст.».

Пасля пераезду ў БССР апрацаваў разам з М. Шчакаціхіным «Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства» (1929), распачаў вялікую працу «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала перыяд ад XVI да XX ст.

Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і інш. моў.

Дакументы і матэрыялы з архіва Ластоўскага захоўваюцца ў Вільнюсе, Маскве, Мінску, Саратаве.

У 1927 г., паверыўшы ў лібералізацыю Савецкай Беларусі, вяртаецца на радзіму, дзе некаторы час працуе дырэктарам дзяржаўнага музея БССР. Ад 1928 г. В. Ластоўскі неадменны сакратар і акадэмік АН БССР.

18 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштоўваюць, а ў яго кватэры супрацоўнікамі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення быў праведзены вобыск. З бібліятэкі забралі шмат рукапісаў.

Акадэміка Ластоўскага саслалі ў Саратаў. 23 студзеня 1938 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прыгаварыла Вацлава Ластоўскага да расстрэлу.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Брацук, Б. Вяртанне Вацлава Ластоўскага : (паводле матэрыялаў беларускіх даследчыкаў) / Б. Брацук // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 40 (кастр.). – С. 2.

2. Бярозка, У. З кагорты адраджэнцаў / У. Бярозка // Віцебскі рабочы. – 1998. – 6 лістап. – С. 8.

3. Васючэнка, П. В. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага на фоне сусветнай літаратуры / П. В. Васючэнка // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. – 2008. – № 7. – С. 145–148.

4. Васючэнка, П. Захоплены Лабірынтам / П. Васючэнка // Роднае слова. – 2008. – № 11. – С. 3–6.

5. Вацлаў Ластоўскі (1883–1938): гісторык, публіцыст, палітык // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – С. 172–175.

6. Вацлаў Ластоўскі // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 327–328.

7. Весялуха, Н. Дзеля пані Гісторыі / Н. Весялуха // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 31 жн. – С. 14.

8. Гурская, А. Сцяжынамі лёсу «неадменнага сакратара адраджэння» / А. Гурская // Роднае слова. – 2003. – № 10. – С. 6–10.

9. Далідовіч, Г. І ён быў са светачам... / Г. Далідовіч // Краязнаўчая газета. – 2003. – № 14 (лістап.). – С. 3, 7.

10. Дзісенскі энцыклапедыст – Вацлаў Ластоўскі // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я: ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 277–286.

11. Зміцер, Л. Слаўны сын глыбоцкай зямлі / З. Лупач // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 14 лістап. – С. 4.

12. Канапелька, А. Вацлаў Ластоўскі / А. Канапелька // Народнае слова. – 1999. – 6 лют. – С. 4.

13. Конан, У. М. Парадоксы эстэтыкі Вацлава Ластоўскага: традыцыі і мадэрнізм / У. М. Конан // Весці БДПУ. Серыя 2. – 2008. – № 4. – С. 86–89.

14. Мароз, К. Па еўрапейскіх мерках / К. Мароз // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 15 крас. – С. 6.

15. Навасельцава, Г. В. Мастацкі гістарызм у прозе Вацлава Ластоўскага / Г. В. Навасельцава // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А, Гуманитарные науки. – 2008. – № 7. – С. 149–153.

16. Пазняк, А. Вацлаў Ластоўскі / А. Пазняк // Голас Сенненшчыны. – 2002. – 19 лістап. – С. 3.

17. Паўлавец, Д. «Я роднае мовы не кіну ў нядолі»: да 130-годдзя з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага / Д. Паўлавец // Роднае слова. – 2013. – № 11. – С. 25–28.

18. Саверчанка, І. Акадэмік. Штрыхі да творчага партрэта Вацлава Ластоўскага / І. Саверчанка // Дзеяслоў. – 2016. – № 4. – С. 264–270.

19. Снапкоўская, С. В. Багач: духоўны патэнцыял беларускай культуры / С. В. Снапкоўская // Весці БДПУ. Серыя 2. – 2008. – № 4. – С. 81.

20. Тарас, А. Вацлаў Ластоўскі. Вяшчун крывіцкай культуры / А. Тарас. – Мінск : Харвест, 2013. – 64 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).

21. Шамякіна, Т. «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага і навуковыя пошукі XX–XXI стагоддзяў / Т. Шамякіна // Маладосць. – 2008. – № 10. – С. 103–110.

22. Янушкевіч, Я. Вацлаў Ластоўскі з Калеснікава між Мнютай і Аутай / Я. Янушкевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 118–120.

23. Янушкевіч, Я. Неадменны сакратар Адраджэння. Вацлаў Ластоўскі / Я. Янушкевіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1995. – 68 с. – (Нашы славутыя землякі).