Лазарашвілі Гурамі Ільіч
Лазарашвілі Гурамі Ільіч нарадзіўся ў г. Тбілісі ў 1937 годзе ў сям'і ваеннаслужачага. Пасля заканчэння рускамоўнай сярэдняй школы ў Баржомі паступіў і ў 1963 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-тэхнолага, Лазарашвілі быў накіраваны ў Віцебск на камбінат будматэрыялаў, на якім працаваў з 1963 па 1976 гг. Спачатку на пасадзе майстра, потым начальніка канструктарскага бюро, галоўнага механіка.
У 1976 годзе, калі пачалося будаўніцтва Новалукомльскага завода керамзітавага гравію, Гурамі Ільіча прызначаюць дырэктарам. Творчы, ініцыятыўны, актыўны работнік, ён здолеў разам з калектывам хутка асвоіць магутнасці завода, многае было зроблена для вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем жыцця калектыву, павышэння культуры вытворчасці.
Гурамі Ільіч мае шматлікія ўзнагароды. У 1987 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны работнік прамысловасці БССР». За шматгадовую плённую працу і вялікі асабісты ўклад у развіццё індустрыі будаўнічых матэрыялаў быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
З'яўляецца аўтарам шматлікіх вынаходстваў.
У 2014 годзе Гурамі Ільіч Лазарашвілі стаў Ганаровым жыхаром горада Новалукомля.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, А. И стал Лазарашвили Белорусом / А. Бегунова // Чырвоны прамень (Чашнiкi). – 1997. – 20 верас. – С. 2.
2. Бегунова, Е. Семейная дорога директоров / Е. Бегунова // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2002. – 2 лістап. – С. 2.
3. Лазарашвілі Гурамі Ільіч // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 441.
СПАСЫЛКІ