Лазоўскі Анатоль Аляксандравіч
Лазоўскі Анатоль Аляксандравіч нарадзіўся 14 верасня 1936 года ў в. Заронава Віцебскага раёна. Доктар сельскагаспадарчых навук (1987), прафесар кафедры прыватнай жывёлагадоўлі (1994).
Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1962). Працаваў галоўным заатэхнікам саўгаса «Мяркулавічы» Чачэрскага раёна, заатэхнікам-селекцыянерам Лельчыцкай племстанцыі Гомельскай вобласці. З 1965 г. – заатэхнік Віцебскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. З 1968 г. – аспірант, малодшы навуковы, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі. З 1988 г. – загадчык кафедры прыватнай жывёлагадоўлі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Удзельнік ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС.
Аўтар больш за 135 навуковых работ, у тым ліку: «Комплексны план селекцыйна-племянной работы ў жывёлагадоўлі Беларускай ССР на 1979–1990 гг.» (у сааўтарстве, 1979), «Арганізацыя вытворчасці прадуктаў авечкагадоўлі ў спецыялізаваных гаспадарках» (рэкамендацыі, 1987), «Прысядзібнае развядзенне авечак і коз» (1999), «Прыватная заатэхнія» (1999) і інш.
Памёр Анатоль Аляксандравіч 2 мая 2018 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Крачкоўскі, А. Вучонае званне – прафесар / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковiчы). – 2008. – 1 лют. – С. 2.
2. Лазоўскі Анатоль Аляксандравіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 696–697.