Літвякоў Аляксандр Міхайлавіч
Літвякоў Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся 8 красавіка 1950 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне тэрапіі. Доктар медыцынскіх навук, прафесар.
Скончыўшы сярэднюю школу № 3 г. Віцебска, паступіў на лячэбны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1973 годзе застаўся працаваць на кафедры шпітальнай тэрапіі.
У 1979 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Мінскім медыцынскім інстытуце, у 1990 годзе – доктарскую дысертацыю ў Маскоўскай медыцынскай акадэміі імя І. М. Сечанава.
Першым у СССР і ў Беларусі арганізаваў навукова-даследчую лабараторыю, а потым і службу ультрагукавой дыягностыкі шматпрофільнай бальніцы (1980).
Сумесна з В. А. Касцючэнкам распрацаваў праграмны комплекс аўтаматызаванага рабочага месца (АРМ) спецыяліста ультрагукавой дыягностыкі, што забяспечыла ў інтэрактыўным рэжыме аўтаматычны сінтэз тэксту дыягнастычнага заключэння па выніках ультрагукавога даследавання ўнутраных органаў.
Аўтар больш за 200 навуковых і метадычных прац.
Узнагароджаны залатым і бронзавым медалямі ВДНГ СССР, «За лепшую навуковую студэнцкую працу СССР» (2). «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Аляксандр Міхайлавіч працаваў загадчыкам кафедры ўнутраных хвароб № 1 Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, займаўся праблемамі кардыялогіі і рэўматалогіі.
Памёр Літвякоў Аляксандр Міхайлавіч 1 снежня 2020 года.
ЛІТАРАТУРА
1. К юбилею Александра Михайловича Литвякова: 70 лет со дня рождения // Вестник Витебского государственного медицинского университета. – 2019. – № 3. – С. 119–120.
2. Літвякоў Аляксандр Міхайлавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 531–532.
3. Літвякоў Аляксандр Міхайлавіч – «Чалавек года» // Звязда. – 2003. – 22 студз. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
Витебский государственный медицинский университет – Литвяков Александр Михайлович