Логінаў Уладзімір Фёдаравіч
Логінаў Уладзімір Фёдаравіч нарадзіўся 8 сакавіка 1940 года ў в. Зялёнаўка Гарадоцкага раёна, навуковец ў галіне геаграфіі і геафізікі. Доктар геаграфічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), акадэмік (2000) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 1963 годзе скончыў Ленінградскае вышэйшае інжынернае марское вучылішча. 3 1969 года працаваў у Сібірскім інстытуце зямнога магнетызму, іанасферы і распаўсюджвання радыёхваль Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР. 3 1973 года – загадчык лабараторыі Усесаюзнага інстытута гідраметінфармацыі Сусветнага цэнтра даных (Обнінск), з 1977 года працуе ў Галоўнай геафізічнай абсерваторыі (Ленінград) на пасадзе загадчыка лабараторыі, намесніка дырэктара. З 1985 па 1987 год працаваў навуковым супрацоўнікам Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі ААН у Жэневе ў аддзеле кліматычных дадзеных. 3 1990 года – у Інстытуце праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (намеснік дырэктара, з 1997 года – дырэктар, загадчык лабараторыі), адначасова займаў пасаду загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1994 годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 2000 годзе – акадэмікам НАН Беларусі. З 2006 па 2008 гг. – у Міжнародным экалагічным універсітэце імя А. Д. Сахарава.
Аўтар больш за 420 навуковых прац па праблемах дыягназу і прагнозу клімату, у тым ліку 20 манаграфій і брашур. Уладзімір Фёдаравіч актыўна займаўся арганізатарскай працай па станаўленню і развіццю новага прыродазнаўчага напрамку навуковых даследаванняў. Былі створаны новыя лабараторыі, у тым ліку лабараторыя кліматалогіі. Менавіта ён стаў ініцыятарам і арганізатарам фундаментальных і прыкладных кліматычных даследаванняў, накіраваных на атрыманне адзнак ўплыву змяненняў клімату на гаспадарчую дзейнасць і гаспадарчай дзейнасці на клімат. У канцы 1990-х гадоў пад яго кіраўніцтвам пачаў развівацца новы напрамак – кліматалогія сутачных метэаралагічных назіранняў. Было выканана буйнамаштабнае тэарэтычнае і прыкладное даследаванне клімату Беларусі, устаноўлены прасторава-часавыя заканамернасці яго змяненняў, распрацавана Нацыянальная кліматычная праграма. У 2010 годзе ён распрацаваў Канцэпцыю экалагічнай бяспекі ў складзе Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір Фёдаравіч Логінаў узнагароджаны: медалём Францыска Скарыны (2009), Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (2002), прэміяй НАН Беларусі (1997, 2007), памятным медалём Парламенцкага Савета Саюза Беларусі і Расіі, ганаровым дыпломам Міждзяржаўнага Савета СНД па метэаралогіі (1999).
ЛІТАРАТУРА
1. Владимир Федорович Логинов: к 75-летию со дня рождения / сост.: Т. И. Кухарчик, В. С. Хомич, Е. В. Логинова ; ред. О. Н. Пручковская. – Минск : Беларуская навука, 2015. – 147 с. – (Биобиблиография ученых Беларуси).
2. Логінаў Уладзімір Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 335.
3. Логінаў Уладзімір Фёдаравіч // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 713.
4. Логинов, В. Диалог со временем / В. Логинов ; записала Ж. Комарова // Наука и инновации. – 2017. – № 2. – С. 57–62.
5. Логинов Владимир Фёдорович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928–2015 / сост. Т. С. Буденкова [и др.]. – Минск : Беларуская навука, 2016. – С. 154–155.
6. Логинов Владимир Федорович // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Віцебск, 2007. – С. 82–84.
СПАСЫЛКІ