Лузгін Васіль Іванавіч
Лузгін Васіль Іванавіч нарадзіўся 25 лютага 1914 года ў в. Дрымаўшчына Чашніцкага раёна, партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Член КПСС з 1939 года. Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1949). З 1934 г. на камсамольскай рабоце ў Чашніцкім раёне. З 1937 года – сакратар Чашніцкага РК, Віцебскага абкама ЛКСМБ. З сакавіка 1942 года – першы сакратар Віцебскага падпольнага абкама ЛКСМБ, член Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б. У 1944–1946 гг. – сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1949 года – інспектар ЦК КП(б)Б, другі сакратар Пінскага абкама, першы сакратар Драгічынскага РК КПБ. Другім сакратаром Пінскага абкама КП(б)Б В. І. Лузгін працаваў у 1951–1953 гг. З 1959 года – намеснік міністра, з 1973 года – міністр сацыяльнага забеспячэння БССР. Кандыдат у члены ЦК КПБ у 1952–1954 гг., член ЦК КПБ у 1954–1960 гг., член рэвізійнай камісіі КПБ з 1976 года. З 1976 па 1979 гг. працаваў міністрам сацыяльнага забеспячэння. Восенню 1978 года В. І. Лузгін наведваў Пінск, прымаў удзел у рабоце Пінскай раённай партыйнай канферэнцыі.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1955–1963 і 1975–1990 гг.
У 1975 годзе ў выдавецтве «Беларусь» выйшла кніга «Без лініі фронту», напісаная В. І. Лузгіным у сааўтарстве з сакратарамі бюро Віцебскага абкама КП(б)Б ваенных гадоў. Аўтары кнігі доўгі час знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі, дапамагаючы мясцовым падпольным партыйным і камсамольскім органам весці арганізатарскую і палітычную працу сярод насельніцтва і партызан. Памёр Васіль Іванавіч у Мінску ў 1998 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Лузгин Василий Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 83.
2. Лузгін Васіль Іванавіч // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 458.