Лявіцкі Казімір Васільевіч
Лявіцкі Казімір Васільевіч нарадзіўся ў лютым 1835 года ў Віцебску. Ваенны дзеяч. Генерал-лейтэнант.
Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. З 13 жніўня 1853 года – прапаршчык лейб-гвардыі Паўлаўскага палка. Удзельнік Крымскай вайны (1853–1856).
У 1856 годзе К. В. Лявіцкі быў прыкамандзіраваны да штаба асобнага гвардзейскага корпуса для падрыхтоўкі да паступлення ў Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба, у якую паступіў у 1857 годзе. Знаходзячыся на службе ў штабе, займаў пасаду старшага ад'ютанта, потым быў прызначаны памочнікам старшага ад'ютанта страявога аддзялення штаба войскаў гвардыі Пецярбургскай ваеннай акругі, а таксама штаб-афіцэрам для даручэнняў пры тым жа штабе.
У 1866 годзе Казімір Лявіцкі быў прызначаны старшым ад'ютантам, а ў наступным годзе – начальнікам штаба 2-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. Разам з тым ён быў выкладчыкам ваенных навук у Мікалаеўскім кавалерыйскім вучылішчы.
У 1870 годзе палкоўнік Лявіцкі быў залічаны ад'юнкт-прафесарам тактыкі ў Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба і прызначаны членам галоўнага камітэта па арганізацыі і стварэнні войскаў. 16 жніўня 1874 года ён быў зацверджаны на пасадзе прафесара акадэміі.
Удзельнік руска-турэцкай вайны (1877–1878).
У 1879 годзе Казімір Васільевіч быў накіраваны для асобных даручэнняў да галоўнакамандуючага войскамі гвардыі і Пецярбургскай ваеннай акругі, а ў 1880 годзе прадстаўлены да звання «генерал-інспектар кавалерыі».
У 1884 годзе Лявіцкі знаходзіўся на пасадзе начальніка канцылярыі ўпраўлення генерал-інспектара, а з 1885 года камандаваў 1-й кавалерыйскай дывізіяй. У 1888 годзе К. Лявіцкі быў прызначаны на пасаду генерал-інспектара кавалерыі.
Казіміру Васільевічу Лявіцкаму належыць шэраг артыкулаў, змешчаных у «Ваенным зборніку» і «Рускім інвалідзе», якія датычыліся пераважна кавалерыйскіх пытанняў.
Узнагароджаны ордэнамі святога Георгія IV ступені, святога Станіслава I ступені, святой Ганны I ступені, святога Уладзіміра II ступені, ордэнам Белага Арла.
Памёр Казімір Васільевіч 22 лістапада 1890 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бондаренко, В. Доверить генеральский чин: полководцы и военачальники первой мировой войны – уроженцы Беларуси / В. Бондаренко // Беларуская думка. – 2016. – № 1. – С. 30–38.
2. Казімір Лявіцкі // Беларусь у войнах Расійскай імперыі. Асобы і падзеі / В. С. Чырвінскі. – Мінск : Харвест, 2019. – С. 245–246.
3. Лявіцкі Казімір Васілевіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі = Военная энциклопедия Беларуси / рэдкал.: Л. У. Языковіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – С. 599–600.
4. Лявіцкі Казімір Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 421.
5. Лявіцкі Казімір Васілевіч // Энцыклапедыя гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Ц. Осіпаў, Р. Ч. Лянькевіч, В. Л. Сташкевіч. – Мінск : Права і эканоміка, 2019. – С. 213.
СПАСЫЛКІ
Левицкий Казимир Васильевич. Военный энциклопедический словарь