Любіч-Маеўскі Станіслаў Адамавіч
Любіч-Маеўскі Станіслаў Адамавіч нарадзіўся 27 красавіка 1878 года ў Полацкім павеце Віцебскай губерні, беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог.
У 1895 годзе скончыў Віцебскую гімназію, у 1903 – Кракаўскі ўніверсітэт. У 1900 годзе Станіслаў Адамавіч ініцыіраваў стварэнне і ўзначаліў «Кола беларускіх студэнтаў» у Кракаве. У 1903–1941 гг. выкладаў гісторыю і геаграфію ў навучальных установах Польшчы, дырэктар гімназій у Замбраве, Калішы, Вілейцы.
Выдаў больш за 13 падручнікаў па гісторыі і геаграфіі, беларускі «Лемантар» (Львоў, 1929), які крытыкаваўся беларускімі мовазнаўцамі (Я. Станкевічам, С. Паўловічам, У. Самойлам і інш.) за шматлікія паланізмы і русізмы. У чэрвені 1940 года, пасля стварэння Літоўскай ССР, увайшоў у склад віленскай гарадской адміністрацыі, курыраваў школьны сектар, працаваў у Беларускім нацыянальным цэнтры. У ліпені–жніўні 1940 года Любіч-Маеўскі С. А. ініцыіраваў гарадскі школьны плебісцыт, на якім 12 % жыхароў выказаліся за беларускую нацыянальную школу. У верасні 1941 года пераехаў у Мінск, працаваў у Інспектарыяце беларускіх школ, супрацоўнічаў з беларускай незалежніцкай групай Я. Станкевіча і польскім антыфашысцкім падполлем.
У снежні 1941 года, па даносе правакатара, Станіслаў Адамавіч быў схоплены і расстраляны фашыстамі.
ЛІТАРАТУРА
1. Любіч-Маеўскі Станіслаў Адамавіч // Памяць: Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч ; уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 1999. – С. 642.
2. Любіч-Маеўскі Станіслаў Адамавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 412.
3. Сендзер, С. А. «Лемантар» Станіслава Любіч-Маеўскага / С. А. Сендзер // Беларускі гістарычны часопіс. – 2006. – № 10. – С. 30–35.