Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Майсяёнак Андрэй Георгіевіч

Дата нараджэння
01.06.1943
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
Род дзейнасці
вучоны, урач,
гісторык медыцыны, грамадскі дзеяч, вітамінолаг
Спецыялізацыя
навука, медыцына
Навуковая ступень
доктар біялагічных навук
Навуковае званне
прафесар
Узнагароды і прэміі
«Чалавек года-2003» Міжнароднага біяграфічнага інстытута
медаль «За трудовое отличие»
знак «Працоўная доблесць»

Майсяёнак Андрэй Георгіевіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў г. Глыбокае. Яго бацька Георгій Нікіфаравіч працаваў хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля Вялікай Айчыннай вайны – у г. п. Шаркаўшчына і г. п. Варапаева Пастаўскага раёна. Маці Антаніна Фёдараўна працавала настаўніцай біялогіі. Паколькі бацька быў урачом, а маці настаўніцай біялогіі, гэта ў многім абумовіла далейшы жыццёвы шлях А. Майсяёнка. Пасля заканчэння ў 1959 годзе Варапаеўскай СШ ён паступіў у Гродзенскі медыцынскі інстытут. З'яўляўся членам навуковага студэнцкага гуртка пры кафедры біяхіміі, быў абраны старшынёй студэнцкага навуковага таварыства медінстытута. Захапляўся спортам і музыкай.

У 1965 г. Андрэй Майсяёнак з «адзнакай» скончыў Гродзенскі медінстытут, а пасля і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе. У 1970 г. пачаўся яго шлях у акадэмічную навуку. У 1971 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў кіраўніком лабараторыі клінічнай біяхіміі і асістэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі Гродзенскага медінстытута. У гэты час у г. Гродна быў створаны Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР (з 1985 г. – Інстытут біяхіміі АН БССР). Першым вучоным сакратаром гэтага інстытута стаў Андрэй Георгіевіч Майсяёнак. Потым працаваў на пасадах старшага навуковага супрацоўніка і загадчыка лабараторыі. У 1992–1996 гг. быў намеснікам дырэктара, у 1996–1998 гг. – выконваючым абавязкі дырэктара Інстытута біяхіміі. Умацоўваў навуковыя падраздзяленні, спрыяў развіццю міжнародных сувязей з Інстытутам прафілактычнай медыцыны Фінляндыі, Інстытутам харчавання РАМН, Беластоцкім медыцынскім універсітэтам і інш.

У 1997 г. А. Г. Майсяёнак абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце біяхіміі імя А. Н. Баха. У 1998 г. стаў кіраўніком старэйшага навуковага падраздзялення Інстытута біяхіміі НАН Беларусі – лабараторыі каферментаў. З 2000 г. Андрэй Георгіевіч – член-карэспандэнт НАН Беларусі. У верасні 2011 года ён залічаны на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні.

А. Г. Майсяёнак – актыўны ўдзельнік даследаванняў па гісторыі медыка-біялагічных навук Беларусі, з'яўляецца членам камісіі НАН па гісторыі навукі. За 48 гадоў навуковай дзейнасці склалася яго ўласная навуковая школа ў галіне вітамінаў і каферментаў. Супрацоўнікі і вучні Андрэя Георгіевіча абаранілі 4 доктарскія і 22 кандыдацкія дысертацыі. Асобна і ў сааўтарстве вучоны надрукаваў больш за 350 навуковых работ, ён мае 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы і патэнтаў. Яго імя занесена ў такія прэстыжныя сусветныя выданні, як «Кто есть кто в Европейских исследованиях и развитии» і «Кто есть кто: современники». У сувязі з 60-гадовым юбілеем А. Г. Майсяёнак атрымаў ганаровае званне Міжнароднага біяграфічнага інстытута «Чалавек года-2003».

Адначасова Андрэй Георгіевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Некалькі гадоў ён кіраваў Гродзенскай абласной радай маладых вучоных і спецыялістаў, выбіраўся дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў, дзе ўзначальваў камісію па пытаннях навукі і культуры. Яшчэ ў 1960-я гг. А. Майсяёнак захапіўся краязнаўствам, пачаў займацца даследаваннем гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Ён быў старшынёй аргкамітэта Міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытанняў у Лідзе (1993), з'яўляўся адным з заснавальнікаў Беларускага фонду Адама Міцкевіча. З 1991 г. актыўна займаўся стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я. Л. Храптовіча. А. Майсяёнак садзейнічаў стварэнню і працы абласных і раённых музеяў, адкрыццю помнікаў славутым беларусам.

За сваю паспяховую навуковую і грамадскую дзейнасць А. Г. Майсяёнак быў узнагароджаны медалём «За трудовое отличие» (1979), вышэйшай узнагародай ВЛКСМ «Трудовая доблесть» (1980), граматамі прэзідыума Акадэміі навук Беларусі, Міністэрства аховы здароўя, абласных і гарадскіх органаў дзяржаўнага кіравання і аховы здароўя. Ён – лаўрэат міжнароднай польскай прэміі за беларуска-польскае супрацоўніцтва ў галіне культуры.

А. Г. Майсяёнак – сябра праўлення Беларускага фонду культуры, сябра Гродзенскага навуковага таварыства гісторыкаў медыцыны. Шмат гадоў вучоны з'яўляецца сябрам Беларускага навуковага таварыства, сябрам бюро Аддзялення медыцынскіх навук і камісіі па прэміях НАН Беларусі. Актыўна працуе ў рэдкалегіі часопіса «Весці Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі. Серыя біялагічных навук». Ён паспяхова выкладае фізіялогію харчавання студэнтам Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Андрэй Георгіевіч Майсяёнак працягвае займацца рашэннем праблем галіны харчавання і нутрыцыялагічнай навукі, уносіць вялікі ўклад у падтрыманне аўтарытэту і жыццяздольнасці акадэмічнай навукі ў сучасным жыцці нашага грамадства. Яму па-ранейшаму ўласцівы мнагапланавы навуковы пошук, працавітасць, высокая эфектыўнасць яго даследчыцкай і эпісталярнай працы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Выдатны вучоны і краязнаўца / падрыхт. С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2013. – 8 чэрв. – С. 3.

2. Ігнатовіч, Ф. Навуковец, краязнавец / Ф. Ігнатовіч, А. Талерчык // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 420.

3. Кожан, К. Андрэю Георгіевічу Майсяёнку – 70 / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 30 траўня. – С. 5 ; 6 чэрв. – С. 5.

4. Кожан, К. Выдатны вучоны і краязнаўца / К. Кожан // Вольнае Глыбокае. – 2004. – 1–7 студз. – С. 6.

5. Кожан, К. Навуковец і краязнаўца / К. Кожан // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2004. – 10 крас. – С. 4.

6. Лабачэўская, Л. Андрэй Майсяёнак: бiяхiмiк i краязнаўца / Л. Лабачэўская // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2000. – 27 мая. – С. 2.

7. Латыш, А. Генератар ідэй / А. Латыш // Пастаўскi край. – 2007. – 10 сак. – С. 2.

8. Ловкис, З. В науку – из Воропаевской школы / З. Ловкис // Пастаўскі край. – 2013. – 1 чэрв. – С. 3.

9. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1999. – Т. 9 : Кулібін–Малаіта. – С. 524.

10. Мойсеёнок Андрей Георгиевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 192.