Макаранка Уладзімір Сцяпанавіч
Макаранка Уладзімір Сцяпанавіч нарадзіўся 14 снежня 1929 года ў Віцебску. Вучоны. Доктар медыцынскіх навук, прафесар.
У 1952 годзе скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут. Па размеркаванні быў накіраваны ў аспірантуру Мінскага медыцынскага інстытута, якую скончыў у 1955 годзе. У 1956 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пасля заканчэння аспірантуры Уладзімір Сцяпанавіч вярнуўся ў Віцебск і ўсё сваё жыццё прысвяціў педагагічнай, навуковай і арганізатарскай дзейнасці.
З 1955 года У. С. Макаранка пачаў працаваць асістэнтам на кафедры паталагічнай фізіялогіі Віцебскага медыцынскага інстытута. З 1962 года – дацэнт кафедры. З 1969 года – загадчык кафедры паталагічнай фізіялогіі, на гэтай пасадзе Уладзімір Сцяпанавіч працаваў да 1996 года. У 1965–1970 гг. – прарэктар па вучэбнай рабоце, у 1976–1985 гг. – дэкан лячэбнага факультэта.
Аўтар больш за 100 навуковых і метадычных прац, рацыяналізатарскіх прапаноў. Ганаровы член праўлення рэспубліканскага таварыства, старшыня гарадскога таварыства патафізіёлагаў.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі. «Выдатнік аховы здароўя», «Выдатнік асветы».
ЛІТАРАТУРА
1. Владимир Степанович Макаренко: (к 70-летию со дня рождения) // Здравоохранение. – 2000. – № 2. – С. 59.
2. К юбилею Владимира Степановича Макаренко: 90 лет со дня рождения // Вестник Витебского государственного медицинского университета. – 2019. – № 6. – С. 85–86.
3. Макаранка Уладзімір Сцяпанавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 532.
4. Цітоў, Л. Няхай збудуцца мары / Л. Цітоў // Віцебскі рабочы. – 1979. – 14 снеж. – С. 3.