Мандрык Іван Уладзіміравіч
Мандрык Іван Уладзіміравіч нарадзіўся 5 верасня 1941 года ў в. Пасад Сенненскага раёна. Беларускі вучоны ў галіне гісторыі, доктар гістарычных навук, прафесар.
У 1968 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры і спорту, у 1973 годзе – Мінскую вышэйшую партыйную школу, у 1981 годзе – аспірантуру Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У 1982 годзе, пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Дзейнасць партыйных арганізацый рэспублікі па павышэнні вытворчай і грамадска-палітычнай актыўнасці работнікаў чыгуначнага транспарту Беларусі (1966–1970)», І. У. Мандрыку прысвоена вучоная ступень кандыдата гістарычных навук, а ў 1985 годзе – вучонае званне дацэнта. У 2004 годзе І. У. Мандрык абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Чыгуначны транспарт Беларусі: кадравая палітыка, грамадска-палітычнае жыццё (1971–1991)». Яму была прысвоена вучоная ступень доктара гістарычных навук, а ў 2005 годзе – вучонае званне прафесара.
Працоўную дзейнасць Іван Уладзіміравіч Мандрык пачаў у 1959 годзе на віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў. З 1965 па 1980 гг. быў на камсамольскай, партыйнай выбарнай (вызваленай) рабоце ў РК ЛКСМБ, РК КПБ, АК КПБ. Працаваў у Чыгуначным раённым камітэце ЛКСМБ і Чыгуначным раённым камітэце КПБ г. Віцебска, Віцебскім абласным камітэце КПБ. З 1980 года – у Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С. М. Кірава: да 1986 года – сакратар парткама; з 1986 па 1989 гг. – дацэнт кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі інстытута; з 1989 па 1992 гг. – старшы навуковы супрацоўнік кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі; з 1992 па 1996 гг. – дацэнт кафедры гісторыі КПСС і палітэканоміі.
У 1994–2009 гг. Іван Уладзіміравіч Мандрык – у Віцебскім філіяле УА ФПБ «Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін», адзін са стваральнікаў інстытута і яго першы дырэктар.
З 2010 года зноў працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава: прафесар кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта, з верасня 2020 года – кафедры гісторыі і культурнай спадчыны факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый.
Сярод навуковых інтарэсаў вучонага: гісторыя Беларусі савецкага перыяду; развіццё чыгуначнага транспарту ў Беларусі; гісторыя, тэорыя і практыка прафсаюзнага руху; палітычныя партыі ў грамадскай сістэме. І. У. Мандрык – удзельнік звыш 50 міжнародных навуковых канферэнцый, аўтар каля 200 публікацый, у тым ліку шэрагу манаграфій і фундаментальных прац, навучальных і вучэбна-метадычных выданняў, шматлікіх артыкулаў у перыядычным друку. У 2015 годзе ён стаў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці за кнігу «Очерки истории профсоюзов Витебщины».
Іван Уладзіміравіч Мандрык узнагароджаны медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», юбілейнымі медалямі да 100-годдзя і 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі.
Памёр Іван Уладзіміравіч Мандрык 28 сакавіка 2021 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Ганаровай граматай Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны дырэктар Віцебскага філіяла УА ФПБ «Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін» Іван Уладзіміравіч Мандрык // Віцьбічы = Витьбичи. – 2001. – 27 верас. – С. 2.
2. Мандрик, И. В. Почему в МИТСО студенты умные / И. В. Мандрик // Народнае слова. – 2009. – 3 лют. – С. 3.
3. Мандрик Иван Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2007. – Т. 4 : Картография–Миноговые. – С. 641–642.
4. Мандрык Іван Уладзіміравіч // Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава: Падзеі. Людзі. Лёсы / рэдкал.: А. У. Русецкі [і інш.]. – Віцебск : [ВДУ], 1998. – С. 160.
5. Мандрык Іван Уладзіміравіч // Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы XX – пачатку XXI ст. : біябібліяграфічны даведнік / М. Півавар. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – С. 201.
6. Мандрык Іван Уладзіміравіч : [некралог] // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 1 апр. – С. 23.
7. Мандрик Иван Владимирович // Профессиональные союзы Беларуси : энциклопедия : в 2 т. / [редкол: Л. П. Козик и др.] ; под общ. ред. Л. П. Козика. – Минск : МИТСО, 2011. – Т. 1 : А–М. – С. 738.
8. Мандрик Иван Владимирович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 104.
9. Памяці выдатных педагогаў і навукоўцаў // Мы і час (Віцебск). – 2021. – 29 крас. (№ 4). – С. 16.
10. Сидорович, О. Что возьмем с собой из прошлого? / О. Сидорович // Железнодорожник Белоруссии. – 2003. – 6 сент. – С. 5.
11. 400 книг из личного собрания доктора исторических наук профессора Ивана Мандрика передала областной библиотеке его дочь Валентина Король. – Режим доступа: https://www.vitbichi.by/news/kultura/post55833.html. – Дата доступа: 15.09.2022.