Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна

Дата нараджэння
27.07.1911
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Чашніцкі раён, в. Ухлё
Дата смерці
23.11.2003
Род дзейнасці
вучоны
Спецыялізацыя
мовазнаўства, дыялекталогія
Навуковая ступень
доктар філалагічных навук
Навуковае званне
член-карэспандэнт АН БССР
Узнагароды і прэміі
Дзяржаўная прэмія СССР
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Заслужаны дзеяч навукі БССР
ордэн Дружбы народаў
медаль «За доблесную працу»

Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна нарадзілася 27 ліпеня 1911 года ў в. Ухлё Чашніцкага раёна ў сялянскай сям'і. Васьмігадовай дзяўчынкай Юзэфа засталася сіратой, і яе ўзяў на выхаванне старэйшы брат Казімір, які жыў у Шклове. У Шклове дзяўчынка скончыла сямігодку, а затым паступіла ў Магілёўскі педагагічны тэхнікум.

Атрымаўшы дыплом, два гады працавала настаўніцай пачатковай школы ў в. Гулькі Клімавіцкага раёна. У 1933–1934 гг. вучылася ў Магілёве на аднагадовых падрыхтоўчых курсах для паступлення ў ВНУ. У 1934–1938 гг. – на факультэце мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута.

Пасля заканчэння інстытута паступіла ў аспірантуру Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР. Спецыялізавалася на гісторыі беларускай мовы.

У гады вайны Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч жыла з дзецьмі ў в. Слабада Смалявіцкага раёна і была сувязной партызанскай брыгады.

У 1945 годзе вярнулася ў Мінск і прыняла запрашэнне на працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, якім кіраваў Кандрат Крапіва. Увайшла ў групу складальнікаў руска-беларускага слоўніка. Адначасова падрыхтавала і ў 1946 годзе паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю. Юзэфа Мацкевіч да 1985 года ўзначальвала сектар дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Асноўнай задачай у тыя гады было стварэнне «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Арганічным працягам з'яўляецца наступная значная калектыўная праца – «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968–1969). Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч разам з калегамі па працы падрыхтавала «Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Мікратапанімію Беларусі» (1974).

Грунтоўнай асабістай працай Ю Ф. Мацкевіч з'яўляецца яе манаграфія «Марфалогія дзеяслова ў беларускай мове» (1959), якая заняла адметнае месца ў беларускім мовазнаўстве. Усяго ж яна апублікавала звыш 90 навуковых прац.

З 1970 года Ю. Ф. Мацкевіч разам з іншымі калегамі сектара дыялекталогіі працуе над новай буйной лінгвагеаграфічнай работай – «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак». У 1971 годзе пачаўся збор матэрыялаў, затым – складанне карт. У 1981 годзе праца над атласам пад кіраўніцтвам Юзэфы Фларыянаўны была завершана. Апублікаваны пяць тамоў атласа «Жывёльны і раслінны свет» (1993), «Сельская гаспадарка» (1994), «Чалавек» (1996), «Побыт» (1997), «Семантыка. Словаўтварэнне. Націск» (1998).

«Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» – адзін з найбольш поўных лінгвістычных атласаў у славянскім мовазнаўстве, які прысвечаны картаграфаванню лексікі. На картах атласа прадстаўлены намінацыі розных прадметна-тэматычных груп беларускай дыялектнай мовы. Яны змяшчаюць таксама і новыя цікавыя даныя па фанетыцы, акцэнталогіі, словаўтварэнні і семантыцы. Гэтая грунтоўная праца атрымала высокую ўзнагароду – Юзэфе Мацкевіч і асноўнаму аўтарскаму калектыву прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 года.

У 1969 годзе Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч як буйнейшы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі, аўтар шматлікіх навуковых прац была абрана членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1978 годзе ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Ю. Ф. Мацкевіч узнагароджана ордэнам Дружбы народаў (1981) і медалём «За доблесную працу» (1970).

Памерла Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч 23 лістапада 2003 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Александровіч, Ю. Выдатны лінгвіст з вёскі Ухлё / Ю. Александровіч // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2018. – 27 лістап. – С. 5. 

2. Курцова, В. М. Даследчык народных скарбаў / В. М. Курцова // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 12 жн. – С. 5.

3. Кунцэвіч, Л. Руплівая даследчыца роднай мовы / Л. Кунцэвіч // Веды. – 2009. – 12 студз. – С. 7.

4. Мацкевич Юзефа Флориановна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 111.

5. Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 453–454.

6. Міхайлаў, П. А. Лінгвістычныя ландшафты Юзэфы Мацкевіч / П. А. Міхайлаў // Роднае слова. – 2011. – № 7. – С. 43–44.

7. Трухан, Т. М. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч / Т. М. Трухан // Весцi НАН Беларусi. Серыя гуманiтарных навук. – 2006. – № 3. – С. 123–124.