Міхалевіч Аляксандр Аляксандравіч
Міхалевіч Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся 20 верасня 1938 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне цеплаабмену і ядзернай энергетыкі. Доктар тэхнічных навук, прафесар.
У 1953 годзе сям'я пераехала ў Мінск. У 1961 годзе Аляксандр Аляксандравіч скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (зараз – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і быў прыняты на работу ў Акадэмію навук БССР малодшым навуковым супрацоўнікам фізіка-тэхнічнага інстытута. У 1966 годзе А. А. Міхалевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю і яго запрасілі на работу ў Інстытут ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР, дзе ён прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да намесніка дырэктара па навуковай працы (з 1983 года), таксама выконваў абавязкі дырэктара інстытута (1987–1988).
У 1991 годзе пасля распаду СССР Аляксандр Аляксандравіч стаў арганізатарам і дырэктарам Інстытута праблем энергетыкі.
У 2000 годзе А. А. Міхалевіч быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па спецыяльнасці «Энергетыка». У 2001–2004 гг. – генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2002–2004 гг. – член Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2004 па 2008 гг. – галоўны навуковы супрацоўнік, навуковы кіраўнік Цэнтра па энергаэфектыўнасці Інстытута цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2009 года – дырэктар, а з 2010 года – галоўны навуковы супрацоўнік, навуковы кіраўнік Інстытута энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
З 1968 года Аляксандр Аляксандравіч таксама займаўся педагагічнай дзейнасцю, выкладаў на кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрамі радыёэкалогіі і аховы навакольнага асяроддзя ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, энергазберажэння, гідраўлікі і цеплатэхнікі ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Аляксандр Аляксандравіч Міхалевіч – удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій, 4 вучэбных дапаможнікаў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагруднымі знакамі «Ганаровы энергетык Рэспублікі Беларусь», «Вынаходнік СССР», прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі імя А. В. Лыкава.
ЛІТАРАТУРА
1. Михалевич Александр Александрович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав, 1928–2015 / сост.: Т. С. Буденкова [и др.] ; редсов.: В. Г. Гусаков [и др.]. – Минск : Беларуская навука, 2016. – С. 177–178.
2. Михалевич Александр Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 138–139.
3. Михалевич Александр Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 121.
4. Михалевич Александр Александрович // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск : Витебский государственный университет, 2007. – С. 93–95.
СПАСЫЛКІ
Лаборатория «Энергобезопасность». Институт энергетики НАН Беларуси
Национальная академия нук Беларуси – Михалевич Александр Александрович