Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Місуна Ганна Баляславаўна

Дата нараджэння
12.11.1868
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Чашніцкі раён
Дата смерці
25.05.1922
Род дзейнасці
вучоны
Спецыялізацыя
геалогія

Місуна Ганна Баляславаўна нарадзілася 12 лістапада 1868 года ў Чашніцкім раёне ў сям'і збяднелага шляхціца. У 1887 годзе скончыла прыватную польскую гімназію ў Рызе і некаторы час працавала там настаўніцай. Праз тры гады вярнулася на радзіму. Займалася самаадукацыяй: вывучала прыродазнаўства, вяла перапіску з Варшаўскім таварыствам даследчыкаў прыроды, збірала калекцыі насякомых і раслін, рыхтавала навукова-папулярныя артыкулы.

У 1893–1896 гг. Ганна Місуна вучылася на прыватных жаночых курсах у Маскве, дзе чыталі лекцыі такія вядомыя вучоныя, як А. П. Паўлаў, М. А. Мензбір, К. І. Вярнадскі, У. Д. Сакалоў і інш.

Вясной 1898 года Ганна Баляславаўна ўдасканальвала веды ў Берліне ў групе вядомага гляцыёлага, прафесара Ф. Гейнітца. У гэтым жа годзе ўдзельнічала ў экспедыцыі, якая займалася пошукамі жалезнай руды і каменнага вугалю на тэрыторыі Тульскай губерні. У 1906 годзе Місуна стала асістэнтам пры геалагічным кабінеце Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, дзе чытала лекцыі па петраграфіі, палеанталогіі, гістарычнай геалогіі. З 1919 годзе працавала прыват-дацэнтам геалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.

Ганна Баляславаўна адна з першых жанчын-геолагаў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні. Вывучала геалогію Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, лёсавыя адклады Навагрудскага ўзвышша, праводзіла пошукі жалезнай руды і каменнага вугалю ў Тульскай губерні, гідрагеалагічныя даследаванні ў Цвярской губерні. Вялікі ўклад зрабіла ў вывучэнне ледавіковых адкладаў Беларусі і Літвы. Першая ў Расіі распрацавала методыку вывучэння марфалогіі і будовы канцавых марэн.

Разам з У. Д. Сакаловым арганізавала першую ў Расіі школу жанчын-геолагаў. Яе вучаніцамі былі В. А. Варсаноф'ева, Д. М. Раўзер-Чарнавусава, Т. А. Дабралюбава і іншыя знакамітыя вучоныя.

Асновай большасці навуковых прац Ганны Баляславаўны Місуны сталі даследаванні, атрыманыя пры палявых геалагічных работах. У 1898–1901 гг. яна самастойна вывучала рэльеф у басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана.

З дапамогай выпадковых рабочых на ўласныя зберажэнні, а таксама на невялікія субсідыі Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды і Расійскага мінералагічнага таварыства, выканала вялікую даследчую працу. Яна дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі. Склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў на значнай частцы тэрыторыі нашай краіны, праводзіла гідрагеалагічныя і геалагічныя пошукі ў Расіі.

З 17 вядомых навуковых прац Ганны Баляславаўны 9 прысвечаны пытанням геалагічнай будовы Беларусі, прылягаючых тэрыторый Літвы і Польшчы. Сярод іх: «Материалы к изучению конечных морен Литовского края» (1898 ці 1899), «Конечная морена и устройство поверхности северо-восточной части Гродненской губернии» (1911), «Краткий очерк геологического строения Новогрудского уезда Минской губернии» (1914) і інш. У астатніх працах разглядаюцца пытанні геалогіі Крыма, Падмаскоўя і Калінінскай вобласці.

Ганна Баляславаўна Місуна з'яўлялася членам Усерасійскага мінералагічнага і Рускага палеанталагічнага таварыстваў, таварыства імя М. Каперніка ў Львове. Доўгія гады была захавальніцай геалагічных калекцый Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды. Яна выступала з дакладамі на навуковых канферэнцыях, у 1910 годзе прымала ўдзел у Міжнародным геалагічным кангрэсе ў Стакгольме.

Памёрла 25 мая 1922 года ў Маскве. Пахавана на Новадзявочых могілках.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Александровіч, Д. Дачка Беларусі / Д. Александровіч // Родная прырода. – 1998. – № 5. – С. 27.

2. Варанько, К. Д. 12 лістапада – 150 гадоў з дня нараджэння Г. Б. Місуна (1868–1922), вучонага-геолага Беларусі і Расіі / К. Д. Варанько // Геаграфія: Серыя «У дапамогу педагогу». – 2018. – № 11. – С. 59–60.

3. Гавяйновіч, В. Вуліца імя Ганны Баляславаўны Місуна / В. Гавяйновіч // Полацкi веснік. – 2003. – 28 лістап. – С. 7.

4. Карасёў, В. Зорачка яе лёсу заззяла на Полацкай зямлі / В. Карасёў // Полацкі веснік. – 2003. – 14 лістап. – С. 7.

5. Карасёў, В. Яшчэ раз пра Ганну Місуну / В. Карасёў // Полацкі веснік. – 1998. – 16 снеж. – С. 2.

6. Козік, А. Першая жанчына-геолаг / А. Козік // Витебский курьер. – 2003. – 18 нояб. – С. 3.

7. Ляўкоў, Э. Першая жанчына – геолаг Беларусі / Э. Ляўкоў // Родная прырода. – 1984. – № 2. – С. 16.

8. Місуна Ганна Баляславаўна // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 454.

9. Наумова, Н. М. Анна Болеславовна Миссуна – сестра и ветрам, и солнцу / Н. М. Наумова // Женщины в истории родного края: жизнь и деятельность : сборник материалов областной (с международным участием) научно-практической конференции, 25 октября 2018 года : в 2 ч. / редкол.: Л. Ю. Слепцова [и др.]. – Витебск : ВО ИРО, 2018. – Ч. 2. – С. 3–5.

10. Яновіч, М. Ганна Місуна: ветру і сонца сястра / М. Яновіч // Народная воля. – 2001. – 7 сак. – С. 3.

11. Януш, І. Нястомная даследчыца нетраў зямлі / І. Януш // Лепельскі край. – 2002. – 17 снеж. – С. 2.