Незлін Саламон Яфімавіч
Незлін Саламон Яфімавіч нарадзіўся ў 1892 годзе ў в. Калышкі Лёзненскага раёна, беларускі вучоны-медык. Доктар медыцынскіх навук (1946), прафесар (1952). Адзін з найбуйнейшых спецыялістаў па лячэнні туберкулёзу.
Скончыў Юр'еўскі (цяпер Тартурскі) універсітэт, працаваў земскім урачом у Маскоўскай і Смаленскай губернях, потым пераехаў на Віцебшчыну і да 1921 года працаваў намеснікам загадчыка губернскага аддзела аховы здароўя. Пасля грамадзянскай вайны пераехаў у Маскву і больш за 3 гады працаваў у тубдыспансеры, потым доўгі час загадваў сацыяльна-гігіенічным аддзелам, дыспансерным сектарам у Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце туберкулёзу, зрабіў вялікі ўклад у справу барацьбы супраць небяспечнай хваробы.
Асноўная яго дзейнасць – арганізацыя лячэбнай работы, дыспансерызацыя хворых, арганізацыя дзейнасці процітуберкулёзных устаноў.
С. Я. Незлін узначальваў навукова-практычныя экспедыцыі ў Бурацкую, Башкірскую, Татарскую і Якуцкую аўтаномныя рэспублікі. Ён напісаў каля 330 навуковых прац, сярод якіх 8 манаграфій. Пад кіраўніцтвам С. Я. Незліна было абаронена 20 дысертацый.
Памёр Саламон Яфімавіч 8 сакавіка 1990 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Незлін Саламон Яфімавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 204–205.
2. Незлін Саламон Яфімавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 120–121.
3. Незлін Саламон Яфімавіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – С. 577–578.