Нікалаеў Аляксандр Аляксандравіч
Нікалаеў Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся 9 красавіка 1925 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Доктар медыцынскіх навук, прафесар.
У 1952 годзе скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут. З 1956 года працаваў у гэтай навучальнай установе. У 1965–1990 гг. – загадчык кафедры паталагічнай анатоміі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Аўтар больш за 90 навуковых прац па марфалогіі пухлін, парэнхіматозна-страмальных узаемаадносінах, эпідэміялогіі і марфагенезе пухлін шчытападобнай залозы і страўніка.
Нікалаеў Аляксандр Аляксандравіч – народны дэпутат Кастрычніцкага раёна г. Віцебска, член праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага навуковага таварыства патолагаанатамаў, член праблемнай камісіі АМН СССР па марфалогіі пухлін чалавека. Ганаровы член праўлення Рэспубліканскага навуковага таварыства патолагаанатамаў.
Узнагароджаны шэрагам урадавых узнагарод: ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі, Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, мноствам ганаровых грамат Міністэрства аховы здароўя БССР, Міністэрства сярэдняй і вышэйшай спецыяльнай адукацыі СССР і БССР, універсітэта, значкамі «Выдатнік аховы здароўя Беларусі» і «Выдатнік вышэйшай школы Беларусі». Таксама А. А. Нікалаеву прысвоена званне «Ветэран інстытута».
Памёр Аляксандр Аляксандравіч 15 кастрычніка 2006 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Нікалаеў Аляксандр Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 11 : Мугір–Паліклініка. – С. 333.
2. Нікалаеў Аляксандр Аляксандравіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 533.
3. Николаев Александр Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 183.
4. Николаев Александр Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2007. – Т. 5 : Минск–Педиатрия. – С. 446.
5. Самсонова, И. В. Александр Николаевич Николаев / И. В. Самсонова // Медвузовец (Витебск). – 2005. – № 5 (апр.). – С. 2.