Пахабаў Валерый Інакенцьевіч
Пахабаў Валерый Інакенцьевіч зрабіў вялікі ўклад у развіццё айчыннай навукі і машынабудаўнічай галіны прамысловасці Беларусі.
Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Талачыне.
Скончыў сярэднюю школу № 2 г. Талачын (1964), Беларускі дзяржаўны політэхнічны інстытут (зараз БНТУ) па спецыяльнасці аўтамабільны транспарт (1968), аспірантуру Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі нечарназёмнай зоны СССР (1978, зараз Навукова-практычны цэнтр Акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі).
У 1968–1971 гг. працаваў у будаўніча-мантажным упраўленні «Віліямінскводбуд» (майстрам-механікам, загадчыкам рамонтна-механічных майстэрняў, начальнікам упраўлення аўтатранспарту).
У 1974 годзе абараніў дысертацыю на атрыманне ступені кандыдата тэхнічных навук (тэма – «Даследаванне і аптымізацыя метадаў арганізацыі тэхнічнага абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў»).
З 1978 года стаў займацца выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. У прыватнасці, з 1978 года – дацэнт кафедры «Эканоміка і арганізацыя аўтатранспартнай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту», з 1992 года – прафесар той жа кафедры, у 1997–1999 гг. быў загадчыкам кафедры маркетынгу, у 1999–2004 гг. кіраваў кафедрай «Эканоміка і арганізацыя машынабудаўнічай вытворчасці», а затым прафесарам гэтай жа кафедры.
На працягу 7 гадоў з'яўляўся старшынёй Савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, старшынёй вучэбна-метадычнай рады па падрыхтоўцы інжынераў-эканамістаў.
У 1993 годзе стаў доктарам эканамічных навук (тэма дысертацыі – «Праблемы транспартнага забеспячэння ў сістэме аграпрамысловай вытворчасці»), у 1995 – прафесарам эканамічных навук.
Вынікам даследчай дзейнасці стала больш за 200 навуковых прац, сярод якіх: 10 манаграфій, 3 падручнікі, 26 навучальных дапаможнікаў, 8 брашур.
Аўтар кнігі «Арганізацыя тэхналагічнага абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў» (1988), адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў: «Праектаванне аўтатранспартных прадпрыемстваў і станцый тэхнічнага абслугоўвання» (1997), «Асновы маркетынгу» (2001), «Лагістыка» (2001).
Яго навуковыя пошукі мелі практычную накіраванасць, вучоны супрацоўнічаў з аўтамабільным (МАЗ), трактарным (МТЗ), маторным (ММЗ) заводамі – даследаваў праблемы эфектыўнасці гэтых прадпрыемстваў.
Праходзіў стажыроўкі ў Егіпце (1995), Славакіі (1999) і Германіі (2000).
Узнагароджаны медалём «За доблесную працу» (1970), стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі.
У 2003 годзе выбраны сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі навукі і практыкі арганізацыі вытворчасці.
Жыве ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамовіч, С. Энергічны, нястомны і глыбокі даследчык / С. Абрамовіч // Наша Талачыншчына. – 2018. – 27 студз. – С. 4.
2. Пахабаў Валерый Інакенцьевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С. 237.
3. Похабов Валерий Иннокентьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 370.
4. Похабов Валерий Иннокентьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 229.
СПАСЫЛКІ