Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Папоў Аляксандр Нічыпаравіч

Дата нараджэння
каля 1840
Месца нараджэння
Віцебская губерня
Дата смерці
06(18).08.1881
Род дзейнасці
вучоны
педагог
Спецыялізацыя
арганічная хімія
Навуковая ступень
кандыдат камеральных навук (1865), магістр хіміі (1869), магістр хіміі (1869), доктар хімічных навук (1872)

Папоў Аляксандр Нічыпаравіч нарадзіўся каля 1840 года пад Віцебскам. Вучоны-хімік, педагог.

Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Віцебскай і Табольскай гімназіях, апошнюю паспяхова скончыў у 1856 годзе. 3-за фінансавых праблем у сям'і хлопчык не меў магчымасці працягваць вучобу далей і ў 1856 годзе быў вымушаны пайсці на вайсковую службу. У 1861 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Казанскага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў са ступенню кандыдата ў 1865 годзе.

Працаваў захавальнікам Хімічнага музея, лабарантам у Казанскім універсітэце. У кастрычніку 1869 года А. Папоў быў пераведзены ў Варшаўскі ўніверсітэт і прызначаны прафесарам і загадчыкам кафедры хіміі. Чытаў для студэнтаў курсы арганічнай, агульнай, аналітычнай і тэхнічнай хіміі. У 1869 годзе на базе ўніверсітэта арганізаваў першую хімічную лабараторыю для правядзення навуковых даследаванняў і для практычных заняткаў са студэнтамі.

У 1877 годзе, падчас вайны з Турцыяй, знаходзіўся ў расійскай дзеючай арміі. Як хімік займаўся работамі па дызенфекцыі палёў бітваў і лагерных стаянак, а ў 1878 годзе быў прызначаны членам Варшаўскага санітарнага камітэта.

Хіміяй Аляксандр Папоў зацікавіўся яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. Пад кіраўніцтвам А. Бутлерава яшчэ ў студэнцкія гады выканаў свае першыя навуковыя даследаванні па хіміі вугляродных злучэнняў. Яны былі апублікаваны ў брашуры «Наконт роднасці вугляроднага паю» (Казань, 1865). У чэрвені 1865 года А. Н. Папоў абараніў дысертацыю «Аб ізамерыі кетонаў», якая ў тым жа годзе выйшла асобным выданнем на нямецкай і французскай мовах. У красавіку 1869 года ён абараніў дысертацыю «Аб акісленні кетонаў аднаатамных» і атрымаў ступень магістра хіміі. Даследаванні па акісленні кетонаў і араматычных вуглевадародаў Аляксандр Нічыпаравіч працягваў і ў сваёй доктарскай дысертацыі «Аб заканамернасцях акіслення кетонаў і аб прымяненні іх для вызначэння будовы алкаголю і кіслот», якую абараніў у снежні 1872 года.

Аляксандр Нічыпаравіч Папоў адкрыў заканамернасці ў акісленні арганічных злучэнняў – кіслот, алкаголю, неарганічных і араматычных вуглевадародаў. Прапанаваў метады і распрацаваў першыя аналітычныя рэакцыі вызначэння хімічнай будовы кетонаў, кіслот, спірту і вуглевадародаў.

А. Н. Папоў быў ініцыятарам і рэдактарам спецыялізаванага перыядычнага выдання «Сборник трудов химической лаборатории Варшавского университета», у якім абагульняліся вынікі навуковых даследаванняў па хіміі ва ўніверсітэце і якое з'явілася першым выданнем такога тыпу на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі.

Аўтар серыі навуковых артыкулаў у «Журнале Русского физико-химического общества», «Вестях Казанского университета», «Варшавских университетских известиях», якія спрыялі выпрацоўцы аналітычных метадаў арганічнай хіміі. Вынікі навуковых даследаванняў вучонага былі абагулены ім у манаграфіі «Хімія вугляродаў» (у рукапісе), а для студэнтаў універсітэта ім быў падрыхтаваны падручнік «Арганічная хімія: спецыяльны курс».

Памёр Аляксандр Нічыпаравіч 6 (18) жніўня 1881 года ў Варшаве з-за хваробы.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Папоў Аляксандр Нічыпаравіч // Асветнікі зямлі Беларускай: X – пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. У. М. Жук. – 2-е выд. – Мінск : БелЭн, 2006. – С. 319.

2. Папоў Аляксандр Нічыпаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С 68.

3. Папоў Аляксандр Нічыпаравіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 213–214.

4. Папоў Аляксандр Нічыпаравіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 125–126.