Пецюкевіч Мар’ян Язэпавіч
Пецюкевіч Мар'ян Язэпавіч нарадзіўся 24 верасня 1904 года ў в. Цяцеркі Браслаўскага павета Віленскага ваяводства (зараз Браслаўскі раён), вучоны-этнограф, грамадскі дзеяч.
Не маючы сродкаў на вучобу спачатку вучыўся дома, потым у Рускім народным вучылішчы ў вёсцы Шаўляны (1914–1915). Да 1921 года чаргаваў працу ў сялянскай гаспадарцы з вучобай у Барадзеніцкай прыватнай школе (1917–1918), польскай школе ў Інаве (1918–1919).
У 1920 годзе ў створанай па жаданні сялян Цяцерскай школе выкладаў беларускую мову. Займаўся польскай мовай у прыватнага настаўніка ў вёсцы Ёды (1921–1922). У 1922 годзе паступіў у Віленскую беларускую гімназію. У час вучобы разгарнуў асветніцкую дзейнасць у вясковым асяроддзі па прапагандзе друкаванага беларускага слова, беларускіх народных песен, твораў беларускіх пісьменнікаў. Пасля заканчэння гімназіі ў Вільні (1926) вучыўся ў 8-м класе Радашковіцкай гімназіі (1927–1928). Паспрабаваў выехаць у Прагу, каб працягнуць вучобу, але на мяжы быў затрыманы польскай паліцыяй і пад прымусам узяты ў войска, дзе спачатку быў накіраваны ў Цешынскую афіцэрскую школу, а потым – у 5-ы полк легіянераў. Звольніўся са службы на пачатку 1929 года. У 1929 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт на гуманітарны факультэт, дзе вывучаў гісторыю, этнаграфію, этналогію, славістыку, археалогію.
Жыў у Вільні, працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, быў членам Беларускага навуковага таварыства, рэдактарам маладзёжнага часопіса «Шлях моладзі» (1930–1935), супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя I. Луцкевіча. У 1938 годзе атрымаў дыплом магістра філалогіі. У 1939 годзе быў першым рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара дзяржаўнай бібліятэкі імя Урублеўскіх і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці прафсаюза працаўнікоў культуры Вільні. У кастрычніку 1939 года быў прызначаны дырэктарам Беларускага музея.
У першыя дні гітлераўскай акупацыі выехаў у вёску да сям'і, потым па загадзе Беларускага нацыянальнага камітэта арганізаваў у Вільні беларускія настаўніцкія курсы, дзе выкладаў беларускую мову і літаратуру. У 1944–1949 гг. жыў з сям'ёй у в. Неманчынка, працаваў у сельскай гаспадарцы, выбіраўся старшынёй Ажулайскага сельсавета. У 1945 годзе арыштаваны, сядзеў у Лукішскай турме. У 1949 годзе зноў рэпрэсіраваны за «нацыяналізм» і разам з сям'ёй сасланы ў Сібір (г. Ужур Краснаярскага краю), да 1957 года на катаржных работах у Варкуцінскім лагеры. Паводле пастановы Спецыяльнай Маскоўскай камісіі, быў вызвалены і выехаў у Польшчу да жонкі.
3 1959 да 1970 гг. працаваў у Этнаграфічным музеі ў Торуні. Часта выязджаў у творчыя камандзіроўкі, сустракаўся з беларускімі дзеячамі культуры, сабраў каштоўны навуковы і мастацкі матэрыял.
Аўтар прац «Увагі дзеля запісання беларускай народнай творчасці і абрадаў» (1933), «Мікола Нікіфароўскі – беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь», «Родная мова – найдаражэйшы скарб» (1957), «Аб паходжанні імён» (1958), «Старадаўнія вялікодныя звычаі ў беларусаў» (1960) і інш.
Памёр Мар'ян Язэпавіч 13 верасня 1983 года ў Торуні.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожан, К. Мар'ян Пецюкевіч / К. Кожан // Браслаўская звязда. – 1995. – 24 чэрв. – С. 4 ; 28 чэрв. – С. 4.
2. Кожан, К. Руплівец беларускай культуры / К. Кожан // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 589–593.
3. Пецюкевіч Мар'ян Язэпавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 220–221.
4. Пецюкевіч Мар'ян Язэпавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 129–130.
5. Этнограф, бібліятэкар, пчаляр Мар'ян Пецюкевіч // Краязнаўчая газета. – 2009. – № 35 (верас.). – С. 2.
6. «Этнограф с Браславщины. А ещё – писатель, поэт...» (Петюкевич Марьян) // Уроженцы Витебщины в художественной культуре стран близкого и дальнего зарубежья / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ имени П. М. Машерова, 2013. – С. 283–291.