Прусаў Пётр Міхайлавіч
Прусаў Пётр Міхайлавіч нарадзіўся 6 студзеня 1942 года ў в. Зубкі Лёзненскага раёна, савецкі і расійскі канструктар. Доктар тэхнічных навук (1986). Заслужаны машынабудаўнік РСФСР (1984). Заслужаны канструктар Расійскай Федэрацыі (1995).
У 1958–1962 гг. вучыўся ў Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі. Адначасова паступіў у 1961 годзе ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, якую вымушаны быў пакінуць пасля 1-га курса.
Некаторы час працаваў інжынерам па механізацыі у калгасе імя Калініна Лёзненскага раёна. Восенню 1962 года яго прызвалі на службу ў армію, і ў 1963 годзе ён апынуўся ў складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх спецыялістаў у Алжыры – на размініраванні алжырска-мараканскай і алжырска-туніскай межаў. Тут П. М. Прусаў быў цяжка паранены.
У 1965–1970 гг. вучыўся ў Запарожскім машынабудаўнічым інстытуце па спецыяльнасці «Аўтамабілі і трактары». Скончыўшы інстытут з адзнакай, выбраў пры размеркаванні Волжскі аўтамабільны завод. У 1970–1975 гг. – інжынер-канструктар аддзела праектавання шасі ўпраўлення галоўнага канструктара завода. У красавіку 1972 года Прусаў быў прызначаны вядучым канструктарам праекта ВАЗ-2121.
У 1975–1978 гг. П. М. Прусаў – начальнік канструктарскага бюро перспектыўнага праектавання аўтамабіляў упраўлення галоўнага канструктара Волжскага аўтамабільнага завода. У 1978–1983 гг. – начальнік аддзела агульнай кампаноўкі ўпраўлення галоўнага канструктара Волжскага аўтамабільнага завода; у 1983–1988 гг. – намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага канструктара Волжскага аўтамабільнага завода. У 1988–1998 гг. – начальнік упраўлення праектавання аўтамабіляў канструктарска-эксперыментальнага комплексу навукова-тэхнічнага цэнтра, намеснік галоўнага канструктара вытворчага аб'яднання «АвтоВАЗ». У 1998–2003 гг. – галоўны канструктар генеральнага дэпартамента развіцця ААТ «АвтоВАЗ». З 2007 года – вядучы інжынер-канструктар аддзела амалагацыі кіравання, праектавання і суправаджэння складу аўтамабіля дырэкцыі па інжынерынгу ААТ «АвтоВАЗ».
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За асваенне цалінных земляў» (1959), «За працоўную доблесць» (1986) і «За заслугі перад Чачэнскай рэспублікай» (2012), а таксама залатымі (1984) і сярэбранымі медалямі ВДНГ СССР (1977, 1988, 1991). Ганаровы грамадзянін Тальяці (2012). Ганаровы грамадзянін Самарскай вобласці (2016).
Памёр Пётр Міхайлавіч 19 сакавіка 2017 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Кулакова, А. С теплотой в глазах и доброй улыбкой... / А. Кулакова // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2017. – 24 сак. – С. 4.
2. Ретнёва, Е. В честь легенды советского автопрома / Е. Ретнёва // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2018. – 14 жн. – С. 5.
3. Шпаковская, Г. Земляков не забывают / Г. Шпаковская // Витебские вести. – 2018. – 18 авг. – С. 11.
СПАСЫЛКІ