Радкевіч Усевалад Анатольевіч
Радкевіч Усевалад Анатольевіч нарадзіўся 6 чэрвеня 1926 года ў Віцебску. Вучоны ў галіне энтамалогіі і экалогіі. Доктар біялагічных навук, прафесар.
У 1954 годзе скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, працаваў на кафедры заалогіі. У 1961 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце заалогіі Акадэміі навук Беларусі. У 1962–1968 гг. – дэкан хіміка-біялагічнага факультэта, у 1968–1970 гг. – старшы навуковы супрацоўнік, у 1970–1974 гг. – прарэктар па навуковай рабоце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава.
З 1973 года – загадчык кафедры заалогіі Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. З 1975 года – загадчык створанай пры інстытуце праблемнай навукова-даследчай лабараторыі па асваенні, рэканструкцыі і ахове жывёльнага свету Беларускага Паазер'я. Працаваў у складзе камісіі па біялогіі навукова-метадычнага савета Міністэрства асветы СССР, у навукова-метадычным савеце Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі, навуковых саветах Акадэміі навук Беларусі па праблемах біясферы і інш.
Аўтар шэрагу навуковых прац і вучэбных дапаможнікаў па праблемах шаўкаводства, энтамалогіі, экалогіі, па методыцы выкладання біялогіі.
Навуковая і грамадская дзейнасць Усевалада Анатольевіча адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі. «Заслужаны дзеяч навукі БССР», «Выдатнік вышэйшай школы СССР», «Выдатнік народнай асветы Беларусі».
Памёр Усевалад Анатольевіч 4 жніўня 1999 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Радкевіч Усевалад Анатолевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 222.
2. Радкевіч Усевалад Анатолевіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 535.