Рохкінд Соф’я (Спрынца) Львоўна
Рохкінд Соф'я (Спрынца) Львоўна нарадзілася ў 1903 годзе ў Талачыне ў адукаванай яўрэйскай сям'і.
У 1920–1925 гг. вучылася ў Інстытуце вышэйшых яўрэйскіх ведаў у Петраградзе.
У 1926 годзе, працуючы ў школе для дарослых, працягвала вучобу на яўрэйскім аддзяленні літаратурна-лінгвістычнага факультэта Другога Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1928 годзе атрымала кваліфікацыю «Выкладчык яўрэйскай мовы».
З верасня 1928 да сярэдзіны кастрычніка 1931 года выкладала літаратуру і грамадазнаўства ў розных сярэдніх школах Веліжа, Пскова і Мінска.
У кастрычніку 1931 года паступіла ў аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Праз год, паралельна з вучобай, выкладала практычны курс у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце.
У 1934 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па мове яўрэйскай рэвалюцыйнай і публіцыстычнай літаратуры канца 80-х – пачатку 90-х гг. ХІХ ст.
З 1933 года працавала ў Інстытуце мовы і літаратуры. У званні дацэнта выкладала агульнае мовазнаўства на літаратурным факультэце і факультэце замежных моў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. 11 лістапада 1938 г. Вышэйшая атэстацыйная камісія СССР зацвердзіла Соф'ю Львоўну ў навуковым званні дацэнта.
У гады Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Казахстан, дзе з 1941 года працавала інспектарам-метадыстам Акмалінскага абласнога аддзела народнай адукацыі, з чэрвеня 1942 па люты 1944 гг. – дырэктарам сярэдняй школы ў вёсцы Імантава, а з сакавіка па верасень 1944 года – загадчыкам вучэбнай часткі школы для дарослых у г. Какчэтаў і інспектарам Какчэтаўскага абласнога аддзела адукацыі.
У лістападзе 1944 года вярнулася на працу ў Мінскі педінстытут у званні дацэнта кафедры рускай мовы, а са снежня пачала выконваць абавязкі намесніка загадчыка кафедры. Праз два гады стала загадчыкам кафедры рускай мовы. У 1949 годзе пераведзена на пасаду дацэнта кафедры рускай мовы.
За гады навукова-педагагічнай дзейнасці апублікавала работы па актуальных праблемах беларускага мовазнаўства: «Да вывучэння словаўтварэння беларускай мовы» (1955), «З гісторыі лексікі беларускай мовы» (1955), «Аддзеяслоўныя назоўнікі ў сучаснай беларускай мове» (1961).
У 1939 годзе ў суаўтарстве з К. І. Гурскім, Ц. П. Ломцевым, Г. З. Шклярам, С. І. Рысінай апублікавала падручнік «Сінтаксіс беларускай мовы».
Сумесна са Г. З. Шклярам стварыла першы ў Савецкім Саюзе «Яўрэйска-рускі слоўнік» (1940).
З'яўляецца аўтарам раздзела «Словаўтварэнне» падручніка «Курс сучаснай беларускай мовы (фанетыка, марфалогія, лексіка)» (1940).
У 1996–1998 гг. напісала ўспаміны пра горад свайго дзяцінства і юнацтва – Талачын.
Памерла 11 чэрвеня 2000 года ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. Главный труд // Синеокая Толочинщина: история, экономика, культура, памятные места / А. А. Шнейдер. – Минск : Бизнесофсет, 2009. – С. 38–39.
2. Рохкинд, С. Л. Воспоминания Рохкинд Спринцы Львовны (1903–2000) / С. Л. Рохкинд // Наша Талачыншчына. – 2007. – 3 лют. – С. 4 ; 10 лют. – С. 3 ; 17 лют. – С. 4.
СПАСЫЛКІ
Дзятко Д. В. «Асоба ў беларускай лінгвістыцы: Спрынца Львоўна Рохкінд»