Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч
Сабалеўскі Юрый Аляксандравіч нарадзіўся 29 верасня 1923 года ў г. Глыбокае. Вучоны ў галіне будаўніцтва, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны будаўнік Беларусі.
Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнай падпольнай групы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ваяваў у складзе I Украінскага фронту, удзельнічаў у штурме Берліна, вызваленні Прагі і іншых гарадоў Еўропы.
У 1950 г. Ю. Сабалеўскі скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў у ім загадчыкам кафедры. Аўтар навуковых прац па механізацыі грунтоў, будаўніцтве фундаментаў, узвядзенні падземных збудаванняў. У 1980–1990 гг. прафесар Сабалеўскі з'яўляўся навуковым кіраўніком праекта Мінскага метрапалітэна. Вырашаў пытанні падземнай праходкі ў найскладанейшых геалагічных умовах.
Памёр 2 кастрычніка 2002 года.
Адна з вуліц г. Глыбокае носіць яго імя. У 2011 г. тут быў адкрыты памятны знак у гонар Ю. Сабалеўскага.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Героям от благодарных потомков / Д. Берникович // Народнае слова. – 2011. – 25 чэрв. – С. 3.
2. Вуліцы прысвоілі імя Юрыя Сабалеўскага // Веснiк Глыбоччыны. – 2007. – 8 жн. – С. 2.
3. Зінкевіч, А. Ушанавалі памяць выдатнага земляка, патрыёта, вучонага / А. Зінкевіч // Веснік Глыбоччыны. – 2014. – 12 ліп. – С. 4.
4. Черепковский, М. Истоки его патриотизма – на Глубоччине / М. Черепковский // Веснік Глыбоччыны. – 2018. – 8 мая. – С. 6.
5. Юрый Сабалеўскі // Глыбоччына: зямля любімая навечна, дзе Доўгае і Беразвечча... / аўт. тэксту У. І. Бацкалевіч ; фота: К. Л. Дробава [ і інш.]. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. –С. 40.