Садоўскі Аляксандр Іванавіч
Садоўскі Аляксандр Іванавіч нарадзіўся 24 (6) лістапада (снежня) 1859 года ў Віцебску. Вучоны-фізік. Прафесар.
Пачатковую адукацыю атрымаў дома. У 1872 годзе паступіў у Аляксандраўскую рускую гімназію ў Гельсінгфорсе, якую паспяхова скончыў у 1877 годзе і ў тым жа годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў у 1881 годзе. 3 1882 года А. Садоўскі выкладаў матэматыку і фізіку ў гімназіях і прыватных вучылішчах, вышэйшых навучальных установах Пецярбурга. У 1894 годзе быў зацверджаны прафесарам Юр'еўскага (Тартускага) універсітэта.
3 1916 года – загадчык кафедры фізікі Пецярбургскай Марской акадэміі. Прымаў удзел у рабоце з'ездаў рускіх прыродазнаўцаў і ўрачоў (1889–1913). Адзін з арганізатараў першага ў Расіі з'езда выкладчыкаў фізікі (1902). Быў членам Рускага фізіка-хімічнага таварыства. У ліпені 1915 года А. І. Садоўскі быў запрошаны Ваенна-прамысловым камітэтам Расіі на пасаду кансультанта Расійскага прадпрыемства па дакладнай механіцы і оптыцы для вырашэння праблем, звязаных з вытворчасцю аптычнага шкла для ваенных мэт. 3 1919 года жыў у Празе, дзе з 1923 года загадваў кафедрай фізікі Расійскага народнага ўніверсітэта.
Першыя навуковыя даследаванні Аляксандра Садоўскага былі прысвечаны вывучэнню электрамагнітных уласцівасцяў розных рэчываў. Ён эксперыментальна паказаў анамальныя паводзіны вісмута ў магнітным полі. Вынікі гэтых даследаванняў былі выказаны вучоным у магістарскай дысертацыі, якую ён паспяхова абараніў у 1894 годзе. Таксама праводзіў навуковыя даследаванні ў галіне оптыкі і спектраскапіі. У 1898 годзе А. І. Садоўскі ўпершыню тэарэтычна даказаў існаванне вярчальнага дзеяння светлавых хваляў, якія падаюць на крышталь (эфект Садоўскага), вылічыў вярчальныя моманты і даказаў магчымасць непасрэднага пераўтварэння светлавой энергіі ў механічную.
Памёр Аляксандр Іванавіч 26 снежня 1923 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Болсун, А. Белорусские имена в науке (физика, физико-технические науки, астрономия) / А. Болсун // Изобретатель. – 2016. – № 4. – С. 39–48.
2. Болсун, А. І. Садоўскі Аляксандр Іванавіч / А. І. Болсун // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 14 : Рэле–Слаявіна. – С. 77.
3. Гапоненка, В. Аляксандр Садоўскі / В. Гапоненка // Краязнаўчая газета. – 2004. – № 44 (лістап.). – С. 4.
4. Позойский, С. В. Ученые-физики – уроженцы Витебщины / С. В. Позойский, И. В. Галузо, М. П. Шмидт // Фiзiка: праблемы выкладання. – 2006. – № 1. – С. 28–30.
5. Процька, Т. Даследчык таямніцаў святла: Аляксандр Садоўскі / Т. Процька. – Минск : Навука і тэхніка, 1994. – 63 с. – (Нашы славутыя землякі).
6. Садоўскі Аляксандр Іванавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 247–248.
7. Садоўскі Аляксандр Іванавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 145–146.
СПАСЫЛКІ