Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Сахараў Сяргей Пятровіч

Дата нараджэння
16.09.1880
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк
Дата смерці
22.04.1954
Род дзейнасці
навуковец, педагог
Спецыялізацыя
фальклор, этнаграфія, гісторыя

Сахараў Сяргей Пятровіч нарадзіўся 16 верасня 1880 года ў Полацку ў сям'і псаломшчыка, беларускі этнограф, фалькларыст, асветнік, педагог, царкоўны гісторык.

Пасля смерці бацькі ўладкоўваюць хлопчыка на поўнае дзяржаўнае ўтрыманне ў Полацкае духоўнае вучылішча. З 1895 года пачаў вучыцца ў Віцебскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1901 годзе. Адмовіўшыся ад духоўнага сану, заняўся педагагічнай дзейнасцю. Быў прызначаны настаўнікам Пасінскай народнай школы Люцынскага павета, з 1902 года працаваў выкладчыкам гарадскога вучылішча ў Люцыне (зараз г. Лудза, Латвія). У 1907–1911 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр'еўскага (зараз Тартускага) універсітэта. Настаўнічаў у Віцебску, працаваў інспектарам народных школ у Юр'еўскім павеце. Там яго заспела Першая сусветная вайна. У кастрычніку 1917 года прыйшло запрашэнне ад Люцынскай гарадской управы заняць пасаду дырэктара арганізаванай там беларускай гімназіі. У 1921 годзе быў прызначаны кіраўніком беларускага аддзела Міністэрства асветы ў Рызе, а ў 1925 годзе становіцца дырэктарам беларускай гімназіі ў Дзвінску (зараз Даўгаўпілс).

Педагагічную дзейнасць спалучаў з грамадскай, быў прадстаўніком беларусаў у Дзвінскай гарадской думе. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурна-асветніцкім руху ў Латвіі. Доўгія гады збіраў беларускую народную творчасць. Творчая спадчына Сахарава досыць вялікая, пераважна навуковыя працы кананічнага, гісторыка-культурнага, педагагічнага, этнаграфічнага і фальклорнага характару. Змяшчаў свае артыкулы ў «Полоцких епархиальных ведомостях», «Витебских губернских ведомостях», часопісе Віцебскай вучонай архіўнай камісіі «Полоцко-Витебская старина» і інш. Знаходзячыся ў Юр'еве, выдаваў кнігі на рускай мове. У 1920–1930 гг. выдаў кнігі «Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай Дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922–1927» (Дзвінск, 1927), «Прападобная Ефрасіння, княжна Полацкая» (Рыга, 1938), «Полацкі князь Усяслаў – нацыянальны беларускі асілак» (Вільня, 1939), «Праваслаўныя цэрквы ў Латгаліі» (Рыга, 1939) і інш. Друкаваўся ў беларускіх газетах і часопісах, якія выходзілі ў Талвіі, у віленскіх часопісах «Шлях моладзі» і «Калоссе».

Пазнавальнае значэнне маюць нарысы пра беларускіх фалькларыстаў П. Шэйна, Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, гісторыка А. Сапунова. Яго творчую спадчыну складаюць таксама працы па кнігазнаўстве і тэатразнаўстве, гісторыі культурных сувязей беларусаў з літоўцамі і латышамі, працы педагагічнага і краязнаўчага характару. Яго рукапісы захоўваюцца ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, а таксама ў навуковых бібліятэках Латвіі і Літвы.

Памёр Сяргей Пятровіч 22 красавіка 1954 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Андрэева, Е. Г. Беларускі педагог у Латвіі / Е. Г. Андрэева // Народная асвета. – 2000. – № 9. – С. 153–159.

2. Багдановіч, І. Э. Сахараў Сяргей / І. Э. Багдановіч, Т. М. Махнач // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 261–263.

3. Ліс, А. Асветнік, змагар, фалькларыст / А. Ліс // Літаратура і мастацтва. – 1993. – 31 снеж. – С. 13.

4. Ліс, А. Сахараў Сяргей Пятровіч / А. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2001. – Т. 6. Кн. I : Пузэлі–Усая. – С. 234–235.

5. Ліс, А. С. Сахараў Сяргей Пятровіч / А. С. Ліс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 14 : Рэле–Слаявіна. – С. 207.

6. Ліс, М. Руплівы збіральнік народнай паэзіі / М. Ліс // Роднае слова. – 1995. – № 9. – С. 174.

7. Ліс, М. М. Педагагічная і культурна-асветніцкая дзейнасць С. П. Сахарава / М. М. Ліс // Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 1995. – № 3. – С. 99.

8. Сахараў Сяргей Пятровіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 257–258.

9. Сахараў Сяргей Пятровіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 151–152.

10. Сахараў Сяргей Пятровіч // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд. Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 794.