Шаўроў Іван Ягоравіч
Шаўроў Іван Ягоравіч нарадзіўся 27 сакавіка 1916 года ў в. Шабуні Віцебскага раёна. Генерал арміі (1973).
Вучыўся ў Бабініцкай сярэдняй школе. Скончыў Ваенную акадэмію матарызацыі і механізацыі Чырвонай Арміі (1941), Ваенную акадэмію Генеральнага штаба (1948), Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба (1968). У Чырвонай Арміі з 1935 г.
У Вялікую Айчынную вайну з 1941 г. на Бранскім, Паўднёва-Заходнім, Данскім, Цэнтральным, Паўднёвым, 4-м Украінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах, начальнік штаба танкавага батальёна, намеснік начальніка і начальнік штаба брыгады, начальнік аддзела штаба ўпраўлення камандуючага бранятанкавых і механізаваных войск фронту і танкавай арміі, начальнік штаба корпуса. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Крыма, Прыбалтыкі.
Пасля вайны служыў у Савецкай Арміі. З 1963 г. – першы намеснік камандуючага войскамі Прыбалтыйскай ваеннай акругі, з 1973 г. – начальнік Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. Доўгі час працаваў у апараце Галоўнакамандуючага Аб'яднанымі Узброенымі Сіламі дзяржаў – удзельніц Варшаўскага дагавора.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, іншымі ордэнамі і медалямі. Выбіраўся членам ЦК КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.
Памёр 25 красавіка 1992 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Васильев, В. Генерал из народа / В. Васильев // Советская Белоруссия. – 2010. – 4 марта. – С. II.
2. Дарожны, С. Генерал Арміі / С. Дарожны // Ленінская праўда (Віцебск). – 1980. – 3 ліп. – С. 2.
3. Шаўроў Іван Ягоравіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 699.