Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч (Лейбавіч)

Дата нараджэння
24(06).03(04).1915
Месца нараджэння
Віцебская губерня, г. Віцебск
Дата смерці
30.01.1973
Род дзейнасці
вучоны
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Спецыялізацыя
ядзерная фізіка
Навуковая ступень
доктар фізіка-матэматычных навук (1962)
Навуковае званне
прафесар (1967)
Узнагароды і прэміі
медаль «За адвагу»
залаты медаль імя І. В. Курчатава Акадэміі навук СССР
Дзяржаўная прэмія СССР (1971)

Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч (Лейбавіч) нарадзіўся 24 (6) сакавіка (красавіка) 1915 года ў Віцебску.Фізік-ядзершчык. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.

У 1928 годзе сям'я пераехала ў Маскву. У 1935 годзе скончыў Маскоўскі энергетычны тэхнікум, дзе атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходніцтва новага спосабу ператварэння цеплавой энергіі ў электрычную. У гэтым жа годзе працаваў інжынерам у праектнай арганізацыі. Займаўся распрацоўкай складаных электрапрывадаў і аўтаматыкі.

У 1941 годзе скончыў фізічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. 3 1945 года Ф. Л. Шапіра працаваў у Фізічным інстытуце Акадэміі навук СССР, з 1958 года – у Аб'яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у г. Дубна (з 1959 года – намеснік дырэктара лабараторыі нейтроннай фізікі). Адначасова з 1946 года выкладаў у Маскоўскім універсітэце (з 1967 года – прафесар). З 1968 года – член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР.

Аўтар шэрагу навуковых прац па фізіцы рэактараў, ядзернай і нейтроннай фізіцы. Унёс значны ўклад у тэарэтычнае і эксперыментальнае даследаванне рэзананснага паглынання нейтронаў у тоўстых слаях урану, тэмпературных эфектаў рэактараў і інш.

Прапанаваў новы метад нейтроннай спектраскапіі – спектраметрыю па часе запавольвання нейтронаў (1955), новы метад палярызацыі нейтронаў шляхам фільтрацыі іх праз палярызаваную пратонную мішэнь (1960) і метад дыфракцыі нейтронаў для нейтронна-структурных даследаванняў, заснаваны на вымярэнні энергіі нейтронаў пры зададзеным вугле дыфракцыі. Незалежна ад іншых прапанаваў і прымяніў метад адваротнай геаметрыі для вывучэння няпругкіх узаемадзеянняў павольных нейтронаў з кандэнсаванымі асяроддзямі. Пад кіраўніцтвам Ф. Л. Шапіры ў 1963 годзе ўпершыню створана тандэмная сістэма, што спалучала імпульсны рэактар з электронным інжэктарам. У 1968 годзе ўпершыню былі зроблены эксперыментальныя назіранні ўльтрахалодных нейтронаў і пацверджаны эфект іх поўнага адбіцця пры любых вуглах падзення, прадказаны Я. Б. Зяльдовічам у 1959 годзе. У 1972 годзе Ф. Л. Шапіра вылучыў і ажыццявіў ідэю вымярэння магнітных момантаў нейтронных рэзанансаў па іх зруху ў магнітным полі.

Узнагароджаны медалём «За адвагу», залатым медалём імя І. В. Курчатава Акадэміі навук СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Памёр Фёдар Львовіч 30 студзеня 1973 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Касцюковіч, М. М. Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч / М. М. Касцюковіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 373.

2. Позойский, С. В. Ученые-физики – уроженцы Витебщины / С. В. Позойский, И. В. Галузо, М. П. Шмидт // Фiзiка: праблемы выкладання. – 2006. – № 1. – С. 30–31.

3. Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 308–309.

4. Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 182.

5. Шапіра Фёдар (Файвіш) Львовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 542.